Search

Анлайн-перамогі хоцімскіх артыстаў

Усім вядомая аптымістычная прымаўка: "Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло". Эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце ініцыявала з'яўленне і развіццё вялікай колькасці анлайн-фестываляў і конкурсаў разнастайнай тэматыкі і скіраванасці. Датычыцца гэта і сферы культуры, і народнай творчасці. Прафесійныя і аматарскія калектывы і артысты атрымалі магчымасць прадэманстраваць сваю творчасць на прасторах інтэрнэту не толькі Беларусі і блізкім замежжы, але і ў еўрапейскіх краінах. І артысты гэтай магчымасцю актыўна карыстаюцца.

Правілы для ўдзелу ў асноўным усюды аднолькавыя: калектыў адпраўляе заяўку і відэазапіс нумара (песня, танец) на спецыяльна створаны сайт. Кампетэнтнае журы дыстанцыйна аглядае дасланы матэрыял і выносіць сваё рашэнне.
Часта бывае так, што калектывы не маюць магчымасці прыняць удзел у фестывалі ці іншым мерапрыемстве па аб'ектыўных прычынах. І асноўная - гэта адлегласць. Пагадзіцеся, праблематычна дабрацца з Хоцімска, напрыклад, у Чэлябінск. А фармат анлайн дазваляе гэта зрабіць хаця б віртуальна. Народны вакальны ансамбль "Хлопцы Пасялковыя" прыняў удзел у Міжнародным конкурсе "Душа роднага краю" менавіта ў Чэлябінску і стаў яго пераможцам. Нядаўна з уральскага горада поштай пераслалі Дыплом лаўрэата І ступені. А вось скарбонка ўзнагарод народнага вакальнага ансамбля «Горліца», дзякуючы онлайн-фэстам, папоўнілася яшчэ больш істотна. Хацімчанкі сталі лаўрэатамі II ступені IV Міжнароднага конкурсу дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці "Яркі ўзлёт" у рамках Міжнароднага праекта "Энергія новага часу" ў Самары. У верасні гэтага года «Горліца» перамагла і стала лаўрэатам I ступені Міжнароднага конкурсу мастацтва і творчасці «Талент і прызнанне» у Санкт-Пецярбургу. У кастрычніку ў італьянскім горадзе Мілане прайшоў Міжнародны онлайн-фестываль мастацтваў «Art World», у якім у сваёй намінацыі перамагла «Горліца» (у дыпломе на англійскай мове – «Turtledove») і стала лаўрэатам I ступені.
Усё вышэйпералічанае пацвярджае, што сапраўдныя талент і прафесіяналізм незалежна ад формы і падачы заўсёды знойдуць заслужаныя адзнакі. Хоцімск ганарыцца сваімі артыстамі і чакае ад іх новых перамог онлайн і на сцэне.

"Шлях Кастрычніка"
Аляксандр АЛЕКСАНДРЫН
8 views0 comments