top of page
Search

Ансамбль «Горлица» ў ліку лаўрэатаў.


За час свайго існавання народны вакальны ансамбль «Горліца» Хоцімскага раённага Цэнтра культуры выступаў не толькі на пляцоўках і ў залах фестываляў, конкурсаў, святаў і ўрачыстасцей усіх узроўняў ад раённага да міжнароднага. Сваю творчасць дарылі яны і механізатарам на палях падчас уборачнай гарачай пары, выступалі перад рабочымі на малочна-таварных фермах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях розных галін вытворчасці. А нядаўна хацімчанкі наведалі з канцэртнай праграмай папраўчыя калоніі №12 і №8 горада Орша. Гэтыя мерапрыемствы прайшлі 25 лістапада ў рамках III Рэспубліканскага фестываля-конкурса выканаўцаў патрыятычнай песні "Сердцем причастны", які праходзіў у Оршы з 25 па 27 лістапада. Гэты творчы форум праводзіцца з мэтай героіка-патрыятычнага выхавання, папулярызацыі лепшых узораў патрыятычнай песні, развіцця і ўмацавання міжнародных культурных сувязей, абмену духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Штогод ён набывае ўсё большую папулярнасць, сёлета было прынята і праслухана 484 заяўкі ў розных катэгорыях. Адбор у фінал конкурсу праводзіўся ў фармаце анлайн. У фінал конкурсу былі адабраны 160 лепшых выканаўцаў з усіх абласцей Беларусі, Смаленска і Вялікага Ноўгарада (Расійская Федэрацыя). Народны ансамбль "Горлица" прадставіў на суд журы кампазіцыю "Мая зямля" і быў узнагароджаны Дыпломам Лаўрэата II ступені ў намінацыі "Вакальныя ансамблі (народныя)" катэгорыя "прафесіяналы".

«Атмасфера мерапрыемства зрабіла на нас вельмі добрае ўражанне. Усё было прадумана да дробязяў: зала, гук, святло, афармленне сцэны, прафесійная праца журы. Было вельмі шмат вартых выканаўцаў. Для сябе мы сёе-тое запазычылі ў плане творчасці.» - падзялілася кіраўнік народнага ансамбля «Горлица» Любоў Юр'ева. Апроч Дыплома Лаўрэата II ступені ансамбль быў адзначаны падзячным лістом за подпісам начальніка папраўчай калоніі №8 А.У. Самусева, які пажадаў калектыву творчых поспехаў і дабрабыту.

Гэты конкурс, несумненна, магчымасць захаваць лепшыя традыцыі песеннай творчасці, адкрыць новыя таленты і ўпісаць у гісторыю руху патрыятычнай песні нашай краіны яркую старонку.


Юлія Кавалёва, загадчык метадычнага аддзела ДУК "Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна"



21 views0 comments