
Народны мужчынскі вакальны ансамбль "Хлопцы Пасялковыя" і салісткі Хоцімскага раённага Цэнтра культуры наведалі 12 чэрвеня ў Дзень Расіі вёскі Калінкі і Аўчынец Суражскага раёна Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі са святочнай канцэртнай праграмай. Падзея з аднаго боку радавая, штодзённая. Нашы артысты пастаянныя госці ў суседніх раёнах Расіі. І выступалі ў шматлікіх сёлах, пасёлках, вёсках, дзе заўсёды з цеплынёй і радасцю прымаліся мясцовымі жыхарамі. І не стаў бы я надаваць гэтай журналісцкай увагі, калі б не адно "Але".
Усе мы са сродкаў масавай інфармацыі ведаем пра няпростую сітуацыю, якая склалася ў Бранскай, Смаленскай, Белгарадскай і іншых абласцях РФ, што мяжуюць з Украінай, у сувязі з тэрактамі, вылазкамі дыверсійных груп. Па сутнасці нашы суседзі больш за год жывуць ва ўмовах неаб'яўленага ваеннага становішча, у рамках якога адменены ўсе масавыя, святочныя і забаўляльныя мерапрыемствы.
Сітуацыя азмрочваецца і тым, што няма такога населенага пункта ў тым Суражскім раёне, жыхары якога ў дадзены момант не бралі б удзел у спецыяльнай ваеннай аперацыі на Данбасе. Неяк недарэчна гучна святкаваць нават такія значныя дзяржаўныя даты, як Дзень Расіі, калі твае блізкія, сваякі, сябры знаходзяцца пад абстрэламі ў акопах. І тым не менш жыццё працягваецца. І людзям нават у цяжкія часы патрэбна аддушына, патрэбна свята. Кіраўнік адміністрацыі вёскі Аўчынец Мікалай Фёдаравіч Чарапкоў асабіста звярнуўся да кіраўніцтва Суражскага раёна і Бранскай вобласці з просьбай правесці святочныя канцэрты ў Дзень Расіі ў двух населеных пунктах. І сілай свайго аўтарытэту здолеў атрымаць дазвол і рэалізаваць сваю ініцыятыву. З умовай, што канцэрты пройдуць у Сельскіх дамах культуры, а не на адкрытых пляцоўках, як гэта было прынята раней. А ўжо мясцовыя жыхары выказалі пажаданне, каб іх са святам павіншавалі менавіта беларусы. І менавіта “Хлопцы Пасялковыя”. Ансамбль адгукнуўся на просьбу суседзяў-расіян і ўзяўшы "на ўзмацненне" групу салістак выступіў у названых вышэй пасёлках.
Беларусам была даручана і яшчэ адна ганаровая місія – уручэнне памятных падарункаў ад адміністрацыі Аўчынца маладым сем'ям, якія нядаўна ўзялі шлюб, нованароджаным жыхарам пасёлкаў, а таксама сем'ям, якія адзначаюць сёлета юбілейныя даты сумеснага жыцця (самая старэйшая з іх пражыла разам 55 гадоў). Прагучалиі са сцэны і імёны землякоў, якія выконваюць зараз свой грамадзянскі абавязак на спецыяльнай ваеннай аперацыі, было абвешчана, што ім сабрана і гатова да адпраўкі гуманітарная дапамога і падарункі ў сувязі са святкаваннем Дня Расіі.
Вось менавіта таму я вырашыў напісаць пра гэта. І хачу, каб і ў нас пра гэта ведалі. Місія артыста не толькі ў тым, каб забаўляць публіку, але і ў тым, каб у цяжкі час падарыць гледачам хоць адну гадзіну радасці, прымусіць забыцца на гэты час аб бедах і праблемах, і паверыць, што будзе добра. Што цяжкі час абміне. І хутка ўсё вернуцца дадому.
Аляксандр Александрын