top of page
Search

Калядны маршрут


Добры сюрпрыз - гэта заўсёды прыемна. Прычым аднолькава як для тых, хто яго рыхтуе, так і для тых, каму яго падаюць. Напярэдадні праваслаўнага Раства аўтацягнік "Забота" аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры сумесна з прадстаўнікамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Цэнтральнай раённай бібліятэкі наведалі з канцэртнымі праграмамі жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак Забялышынскага і Трасцінскага сельскіх Саветаў. І ў кожным з населеных пунктаў маршруту нешматлікія жыхары (у асноўным пенсіянеры) былі рады сустрэчы з артыстамі. Прадстаўце, стаіце вы пад снегападам, чакаеце прыезду аўтакрамы, а разам з ёй вам прывозяць любімыя песні. Да таго ж ёсць магчымасць напрамую пагаварыць з прадстаўнікамі адміністрацыі, службаў і ўстаноў раёна, расказаць аб бягучых пытаннях, выказаць прапановы і пажаданні. Вёскі Падлесная, Фаміно, Забялышынскі Прудок, Таклёўка і Буда — такі быў Калядны маршрут. І ўсюды галоўным пажаданнем было - прыязджайце як мага часцей. І народны ансамбль «Дабрадзея», які выступаў перад такой не распешчанай канцэртамі публікай, быў рады такому цёпламу прыёму.


Таксама гэтымі днямі ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць дабрачынная акцыя "Ад усёй душы", у рамках якой прадстаўнікі вышэйназваных арганізацый, а таксама мясцовыя падраздзяленні "Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа" наведваюць і віншуюць дома адзінокіх пенсіянераў. Адной з іх стала і ўдзельніца народнага фальклорнага ансамбля «Вербіца» Іваноўскага Сельскага дома культуры Таццяна Ягораўна Малунова. Яе наведалі загадчыца СДК Марына Сухадолава і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа" Вольга Калтунова. Яны ўручылі Таццяне Ягораўне падарункі і павіншавалі з Калядамі. Падобныя акцыі прайшлі і ў іншых населеных пунктах Хоцімскага раёна.


Аляксандр АЛЕКСАНДРЫН.






21 views0 comments