top of page
Search

Мы адчыняем дзверы ў лета!



Спытайце любое дзіцяці, дарослага – не важна: якое самае галоўнае дзіцячае свята? І стоадсоткава пачуеце ў адказ: Новы Год. І паспрачацца з гэтым нельга. Але ўсім хацімчанам (дзецям асабліва) пашанцавала. У нас ёсць яшчэ адно свята, якое не саступае па атмасферы радасці, чараўніцтву, новых надзей навагодняй пары. Гэта штогадовы рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці "Зоркі над Бесядздзю", які сімвалічна праходзіць 1 чэрвеня ў Міжнародны Дзень абароны дзяцей. І за гады яго правядзення так ужо выйшла, што гучны міжнародны статут гэтага дзейства сам сабою адышоў на другі план. Для хоцімскай дзятвы гэты дзень стаў днём старту канікулаў, першым днём самай дзіцячай пары года лета, калі хочаце, нябачным парталам у цудоўны, бесклапотны, спякотны і кожны раз новы час. Фестываль "Зоркі над Бесядздзю" ў прамым сэнсе адчыняе дзверы ў лета.

Самай галоўнай і ўдалай асаблівасцю нашага фестывалю лічу адсутнасць конкурснага спаборніцкага складальніка. Таленавітыя хлапчукі і дзяўчынкі з усяго раёна выконваючы песні, чытаючы вершы, танцуючы не імкнуцца стаць лепш за астатніх, не хвалююцца за прызавыя месцы і таму іх выступленні глядзяцца неяк… Ну, па-дамашнему, ці што. Адчуваецца жаданне спадабацца ўсім абсалютна: мамам, татам, сябрам, знаёмым, а не асобна ўзятым персонам з журы. І на цырымоніі ўзнагароджання ўсіх удзельнікаў фестывалю Дыпломамі, памятнымі медалямі і салодкімі падарункамі дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Хоцімскага раёна Валерый Жадан асабліва падкрэсліў, што галоўная задача фестывалю - менавіта выяўленне новых юных талентаў Хоцімшчыны, прадастаўленне ім магчымасці паказаць сябе гледачам.

Арганізатары заўсёды імкнуцца зрабіць чарговае свята непадобным да папярэдніх. Ёсць, вядома ж, пэўныя традыцыі, якія склаліся, як-то: месца правядзення (Гарадскі Парк Культуры і адпачынку), работа атракцыёнаў і інтэрактыўных гульнявых пляцовак, выставы дзіцячай кнігі, малюнкі на асфальце. Заўсёды чакаюць воднае шоу ад супрацоўнікаў Хоцімскага РАНС, Сёлета, дарэчы, сваю гульнявую праграму для дзяцей прапанавалі работнікі Хоцімскага раёна газазабеспячэння. Але кожны год сувядучым канцэртнай праграмы станавіцца новы незвычайны «госць», бывалі на свяце і мудрагелісты "Звездочёт", і іншапланецянка Буся, і непаседа Капрызка, а ў гэты раз заляцела маленькая Ёжка з лясной школы. Прыдумваюцца новыя забаўкі і гульні. Але самае важнае абнаўленне фестывалю - гэта новыя ўдзельнікі.

Кожны год на творчым небасхіле Хоцімшчыны загараецца новая юная зорачка. А значыць гэта каму-небудзь трэба! (Паўтараю словы вялікага Маякоўскага, якія прагучалі на канцэрце з вуснаў адной з удзельніц.) Значыць гэта неабходна.

Яшчэ адной традыцыяй першага летняга свята ў Хоцімску стала адкрыццё працоўнага семестра для старшакласнікаў школ раёна. На галоўнай сцэне камандзіры будаўнічых атрадаў атрымалі працоўныя пуцёўкі ў гаспадаркі і арганізацыі раёна з рук першага сакратара РК ГА "БРСМ" Вольгі Рэусавай. Бо лета - яно ж велізарнае, і часу хопіць не толькі адпачыць, але і зарабіць «першыя грошы».

Завяршалася свята лета дыскатэкай пад адкрытым небам з фарбамі "Холі". І пажадаць дзецям хочацца, каб гэтыя 92 летнія дні былі для іх такімі ж яркімі і рознакаляровымі, як яны самі пасля дыскатэкі.


А.А.Александрын, метадыст РЦК ДУК «ЦКС Хоцімскага раёна»


Больш фота глядзіце ў сацыяльных сетках ЦКС тут

2 views0 comments

Comments


bottom of page