Search

Народны фальклорны ансамбль "Адраджэнне" Хоцімскага РЦК. Вяртанне ў Вялікі Усцюг


Тры гады таму ў ліпені 2019 года народны фальклорны ансамбль "Адраджэнне" Хоцімскага РЦК прыняў удзел у VIII Усерасійскім фестывалі казачай песні імя Сямёна Дзежнева ў горадзе Вялікі Усцюг Валагодскай вобласці Расіі. У той раз нашы артысты вярнуліся ў статусе пераможцаў, падзяліўшы першае месца з казачым ансамблем з Вялікага Усцюга "Сухонская вольніца". Але такая «перамога на дваіх» ніколькі не знервавала ні беларусаў, ні казакоў, паколькі паміж двума калектывамі існуе шматгадовае сяброўства. І агульная перамога толькі ўмацавала гэтыя адносіны. Але гэта было тры гады таму.

З 22 па 24 ліпеня гэтага года ў Вялікім Усцюгу прайшоў IX Усерасійскі фестываль казачай песні. І зноў у старажытным паўночным горадзе, дзе зліваюцца тры ракі Паўночная Дзвіна, Поўдзень і Сухона, зліліся ў адзіным хоры галасы казакоў з усіх рэгіёнаў Расіі. І другі раз у гэтым хоры былі галасы беларусак — хацімчанак з ансамбля «Адраджэнне». І тут дапытлівы чытач ужо будзе чакаць, што зараз я выведу думку на тое, што нашы артысты другі раз сталі пераможцамі Усерасійскага фестывалю казачай песні. Але такога ня будзе. Не сталі мы пераможцамі. Ніхто не стаў. Арганізатары фестывалю вырашылі адмовіцца ад конкурснай праграмы, і зараз усе калектывы, якія прынялі ўдзел у свяце казачай культуры, узнагароджваюцца Дыпломамі ўдзельніка і памятным знакам, а таксама падзячнымі лістамі. Што паўплывала на такое рашэнне? Не ведаю. Магчыма вырашылі падстрахавацца. А то крыўдна неяк выходзіць: фестываль мала што казачы, дык яшчэ і Усерасійскі, а прыязджаюць беларусы — забіраюць галоўны прыз. Але, зрэшты, на агульны настрой і ўражанне ад свята гэта не паўплывала. Бо па сутнасці фестываль сёлета быў не галоўнай падзеяй, а хутчэй дапаўненнем да асноўнага свята, прысвечанае юбілею Вялікага Усцюга. Равесніку сталіцы Расіі Масквы (чым усцюжане вельмі ганарацца) гэтым летам споўнілася 875 гадоў з дня заснавання. Таксама да гэтай даты прымеркавалі яшчэ адзін значны фестываль - Міжнародны фестываль гарадоў-удзельнікаў Ганзейскага саюза "XI Рускія Ганзейскія дні". Фестываль адсылае да сярэднявечнага Ганзейскага саюза, які ўзнік яшчэ ў сярэдзіне XII стагоддзя, як буйны палітычны і эканамічны саюз гандлёвых гарадоў Паўночна-Заходняй Еўропы. На сучасным этапе асноўнай яго мэтай стала развіццё міжмуніцыпальнага супрацоўніцтва, культурны абмен, знаёмства з традыцыямі гарадоў-членаў, умацаванне дзелавых і гандлёвых кантактаў. Зрэшты Ганзейскія дні — гэта крыху не пра нас, а вось выступіць на ўсіх пляцоўках, у адкрыцці і гала-канцэрце Усерасійскага фестывалю казачай песні ансамбль «Адраджэнне» удзел прыняў і ўсюды быў сустрэты гледачамі з асаблівай цеплынёй. Беларуская культура, кажучы шчыра, мала знаёмая на рускай Поўначы, аказалася цікавая і блізкая мясцовым жыхарам. Пацвярджэннем гэтаму можа служыць сумесны канцэрт ансамбляў "Сухонская вольніца" і "Адраджэнне", які не ўваходзіў у афіцыйную праграму. Калектывы запрасілі выступіць у адным з прыватных пансіянатаў для адпачываючых.

А тое, што Дыплома пераможцы на гэты раз няма, дык па факце — гэта ж проста прыгожая папера. Сапраўдная перамога ансамбля “Адраджэнне” ў тым, што ён данёс беларускую культуру ў такі далёкі край, у тым, што здолеў прывіць яе там, у тым, што усцюжане лічаць сябрамі менавіта хацімчан. Развітваючыся каля знака "Вялікі Усцюг", зноў была агучана агульная надзея, што наступная сустрэча будзе на Хоцімскай зямлі.


Аляксандр АЛЕКСАНДРЫН, метадыст ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»



5 views0 comments