top of page
Search

Новы год на новым месцы


Пераднавагодняя пара - гэта любімы і доўгачаканы час не толькі дзяцей, але і дарослых. Як сведчыць вядомы выраз: чаканне свята лепш за само свята. І вядома галоўныя імпрэзы адбудуцца ў Навагоднюю ноч, але пагадзіцеся, так жадаецца наблізіць яе і зрабіць так, каб яна як мага даўжэй не канчалася. І калі законы прыроды змяніць немагчыма, то стварыць святочную чароўную атмасферу чараўніцтва і дабра задоўга да запаветнай даты цалкам магчыма.

Гэта было наглядна прадэманстравана ў нядзелю 5 снежня на цырымоніі запальвання агнёў на галоўнай Навагодняй ёлцы Хоцімшчыны.

Маляўнічае тэатралізаванае дзейства з удзелам казачных персанажаў, шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак, канцэртная праграма - гэта ўсё для хацімчан не ў навінку. Гэта ўжо традыцыя. Але сёлета ў звыклы ход адкрыцця пераднавагодняга святочнага марафону быў унесены шэраг істотных змен. Першае гэта, вядома, новае месца ўстаноўкі галоўнай ёлкі гарадскога пасёлка. Навагодняя прыгажуня заняла належнае яе статусу месца на пешаходнай частцы Ленінскай вуліцы ў самым цэнтры Хоцімска. Упершыню ў цырымоніі запальвання навагодніх агнёў удзельнічалі адразу тры Дзеда Мароза і тры Снягуркі. Адпаведна і Шэсце галоўных навагодніх персанажаў набыло новую форму. З трох бакоў да ёлкі сышліся зімовыя чараўнікі ў атачэнні сваёй світы.

У падрыхтоўцы першага навагодняга свята прынялі ўдзел установы культуры і адукацыі Хоцімскага раёна. З прывітальным словам да жыхароў і гасцей гарадскога пасёлка звярнуўся намеснік старшыні Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Хучаў. Перадаўшы віншаванні ад імя кіраўніцтва раёна і афіцыйна аб'явіўшы старт навагодніх свят, ён уступіў месца трыо Дзядоў Марозаў, якія і запалілі агні на галоўнай Хоцімскай ёлцы. Нельга не адзначыць факт, што Хоцімскі раён першы ў Магілёўскай вобласці рэгіён, які афіцыйна ўступіў у навагоднія святы. Дарэчы, галоўная ёлка Магілёўшчыны запаліцца агнямі толькі 18 снежня.

Хацімчан чакае больш пашыраны ў параўнанні з іншымі гадамі святочны графік. Мерапрыемствы працягнуцца больш за месяц. Кожны вечар у 18:00 з 6 па 30 снежня ля галоўнай ёлкі для дзяцей і дарослых будуць праводзіцца гульнявыя тэатралізаваныя праграмы. Наведаць сядзібу Дзеда Мароза ў лесагадавальніку каля вёскі Варвараўка ўсе ахвочыя змогуць з 23 снежня па 7 студзеня. Прэм'еру Навагодняга спектакля народнага тэатральнага калектыву "Прамень" гледачы ўбачаць 29 снежня. І вядома ж усіх хацімчан чакае щ Навагоднюю ноч забаўляльная канцэртная праграма і дыскатэка. Сачыце за анонсамі і афішамі.

Адным словам, сёлета Навагоднія святы ў Хоцімску ў прамым сэнсе пройдуць па-новаму.

Аляксандр Александрын, метадыст ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»



7 views0 comments