Search

Падарунак на Дзень горада ад "Івіцы"


Вядома, два святы лепш за адно. І сёлета хацімчане адзначаюць Дзень вызвалення Хоцімска і Хоцімскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і раённы фестываль-кірмаш "Дажынкі-2022" у адзін дзень 1 кастрычніка. Але і пра дату 26 верасня таксама ніхто не забыўся. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны вакальны ансамбль "Івіца" Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і дасуга наведалі ў панядзелак Хоцімск і падарылі ўсім жыхарам у гонар Дня горада святочную канцэртную праграму. Асноўны выканальніцкі напрамак калектыву – фольк-мадэрн. "Івіца" - гэта арыгінальны рэпертуар, сучасная аранжыроўка, яркія сцэнічныя вобразы. І ўсё гэта ў поўным аб'ёме было прадстаўлена на сцэне Хоцімскага раённага Цэнтра культуры. Таксама на канцэрце быў агучаны віншавальны адрас ганаровага грамадзяніна Хоцімскага раёна генерал-маёра ў адстаўцы, вядомага паэта-песенніка і дзіцячага пісьменніка, лаўрэата Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Івана Захаравіча Юркіна.

«Віншую ўсіх жыхароў Хоцімскага раёна з Днём вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта падзея залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Вялікай айчыннай вайны. Гераічнасць і мужнасць нашых бацькоў і дзядоў з'яўляецца прыкладам для ўсіх нас і асабліва маладога пакалення. У гэты няпросты час, калі даводзіцца зноў адстойваць нашу гісторыю, мы будзем імкнуцца зрабіць свет дабрэйшым і больш бяспечным, умацоўваць ідэалы братэрства паміж народамі. Я, як ваенны чалавек, разумею, што ўсе мы знаходзімся на перадавой лініі барацьбы за мірную будучыню нашай краіны, за маральнае і патрыятычнае выхаванне моладзі». - так гаварылася ў віншаванні нашага ганаровага земляка. Не магу не адзначыць і той факт, што ў складзе канцэртнай брыгады на малую радзіму ў Хоцімск прыехалі і Лізавета Піўчанка, і Вольга Дзмітрачкова, якія зараз жывуць і працуюць у Магілёве. Паўтарагадзінны канцэрт праляцеў на адным дыханні і несумненна пакінуў у сэрцах гледачоў толькі добрае ўражанне.

Аляксандр Александрын.



3 views0 comments