top of page
Search

ПЕРШЫ РАЁННЫ КОНКУРС СЯРОД ПРАЦОЎНАЙ МОЛАДЗІ «МАЙСТРЫ» прайшоў у Хоцімскім РАЁННЫМ ЦЭНТРЫ КУЛЬТУРЫ



Калі чалавек па-сапраўднаму любіць сваю справу, калі праца прыносіць задавальненне, то не важна ў якой сферы дзейнасці ён працуе - любую прафесію можна зрабіць творчай. І гэта ў поўнай меры даказалі ўдзельнікі першага раённага конкурсу сярод працоўнай моладзі "Майстры", які прайшоў 29 лістапада ў раённым Цэнтры культуры. Ідэю творчага калектыву раённага Цэнтра культуры падтрымалі прафсаюзы Хоцімскага раёна, аказаўшы дапамогу і падтрымку ў арганізацыі мерапрыемства. І цалкам заслужана менавіта старшыня Хоцімскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Валянціна Вайтэнка ўзначаліла кампетэнтнае журы, якому трэба было ацэньваць канкурсантаў.

У пяці напаўсур'ёзных-напаўжартоўных іспытах і конкурсах: візітная картка, рэклама сваёй прафесіі, інтэлектуальны конкурс, творчы конкурс "Хто ў што здольны" і нават сумесны танец - спаборнічалі маладыя спецыялісты з розных галін: выхавальнік Дзіцячага сада №3 г.п.Хоцімска Анастасія Даніленка; Арцём Хількевіч, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Трасцінскай базавай школы; педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Ветразь надзей", харэограф Алена Парахонька; Лілія Сергадзеева, мастак-афарміцель раённага цэнтра культуры; адказны сакратар раённай газеты "Шлях Кастрычніка" Юлія Фралова; ветэрынарны ўрач раённай ветэрынарнай станцыі Раміна Матузевіч і дыспетчар Хоцімскага РАНС Мікіта Каваленка.

Першае што хочацца адзначыць, і на што звярнулі ўвагу, як члены журы, так і гледачы - гэта разнастайнасць прадстаўленага матэрыялу. Ніводны з удзельнікаў не быў падобны на іншага па манеры падачы, выканальніцкага майстэрства, форме і зместу нумароў і выступаў. І разам з тым усе канкурсанты дапаўнялі і адцянялі сваіх сапернікаў. Мерапрыемства атрымалася шматгранным і працяглым, але час праляцеў незаўважна. Як прызналася ў фінале старшыня журы Валянціна Вайценка, журы ўвесь конкурс стаяла перад цяжкім выбарам, лік ішоў на адзінкавыя балы. І хаця ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны Дыпломамі і падарункамі ў грашовым выражэнні ад першасных арганізацый прафсаюзаў, журы павінна было вызначыць першага сярод роўных. Дыплом пераможцы першага раённага конкурсу сярод працоўнай моладзі Хоцімшчыны быў уручаны Юліі Фраловай.

У апошні час калектыў раённага Цэнтра культуры прадстаўляе на суд гледачоў шмат менавіта конкурсных праграм і мерапрыемстваў у надзеі, што яны стануць пастаяннымі праектамі. Такая ж мэта і ў раённага конкурсу сярод працоўнай моладзі "Майстры". Будзем спадзявацца, што знойдуцца ў арганізацыях і ўстановах Хоцімска і раёна яшчэ сямёра, а можа і больш смелых, таленавітых, цудоўных маладых спецыялістаў і дакажуць, што іх прафесіі самыя лепшыя.


Александр Александрын



12 views0 comments