top of page
Search

Піянеры Хоцімска сустрэліся з Народным майстрам Рэспублікі Беларусь Таццянай Кавалёвай


У рамках раённага піянерскага праекта "Я беларус і гэтым ганаруся", мэтай якога з'яўляецца знаёмства піянераў са знакамітымі землякамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нашага рэгіёну, адбылася сустрэча піянераў-актывістаў, арганізаваная РС ГА "БРПА" з Народным майстрам Рэспублікі Беларусь Таццянай Кавалёвай.

Таццяна Іванаўна прасякнута цяплом, любоўю і святлом. Пры сустрэчы з ёй заўсёды хочацца затрымацца і паразмаўляць даўжэй, пачуць нешта новае, зарадзіцца добрым настроем. Яна ўжо даўно праславілася сярод хацімчан і не толькі сваёй асаблівай любоўю да ткацкай справы, якой прысвяціла многія гады. Піянеры задавалі пытанні пра жыццё піянерскай дружыны, у якой знаходзілася Таццяна Іванаўна, цікавіліся значэннем арнаментаў на вырабах, спыталі аб любові да Радзімы і аб патрыятызме. У сваю чаргу майстар не толькі адказала на пытанні дзяцей, але і расказала гісторыі пра нялёгкае, але шчаслівае дзяцінства, пра любоў да ткацтва, а таксама прапанавала паспрабаваць сябе за работай станка. Сустрэча прайшла на адным дыханні. У сценах Дома рамёстваў панавала атмасфера цеплыні і дабра.

Дзеці падзяліліся, што сустрэча з Таццянай Іванаўнай нагадала ім сустрэчу з роднай бабуляй... У канцы Таццяна Іванаўна пажадала юным першаадкрывальнікам выбраць прафесію, якую яны змаглі б любіць, займацца тым, што душы падабаецца і што прыносіць задавальненне. Як пісаў Мікалай Астроўскі: "жыццё трэба пражыць так, каб не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады", - сказала Таццяна Іванаўна.


"Шлях Кастрычніка"

Юлія ФРАЛОВА.

Фота аўтара

11 views0 comments