top of page
Search

"Прамень" на "Тэатральных скрыжаваннях"


Напярэдадні Сусветнага Дня тэатра 25-26 сакавіка ў горадзе Слуцку, які з'яўляецца сёлета культурнай сталіцай Беларусі, прайшоў IV Рэспубліканскі фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва "Тэатральныя скрыжаванні". На працягу двух дзён на дзвюх сцэнах гарадскога Дома культуры і гарадскога Палаца моладзі Слуцка былі прадстаўлены восем спектакляў аматарскіх непрафесійных тэатральных калектываў з усіх абласцей Рэспублікі Беларусь. Нашу Магілёўскую вобласць было даверана прадстаўляць народнаму тэатральнаму калектыву "Прамень" Хоцімскага раённага Цэнтра культуры.


На суд гледачоў, калег і кампетэнтнага журы пад старшынствам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, прафесара, дэкана тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Андрэевіча Мішчанчука хацімчане прадставілі дзіцячы мюзікл "Вакол Светы" па п'есе пастаяннага аўтара тэатра "Прамень" Аляксандра Александрына. Падзея гэта была хвалюючай для ўсёй трупы, бо сцэну даводзілася дзяліць з такімі масцітымі аматарскімі тэатрамі, як, напрыклад, народны тэатр "Пілігрым" з Полацка (Гран-Пры фестывалю); лаўрэатам I ступені драматычным тэатрам «Відарыс» з Барысава; лаўрэатам II ступені Слуцкім народным тэатрам імя Уладзіслава Галубка; лаўрэатам ІІІ ступені народным тэатрам "Рэха" Палаца культуры прафсаюзаў горада Мінска. Задача, пакінутая акцёрам “Праменя” рэжысёрам Таццянай Паседзькі, заключалася нават не ў тым, каб здзівіць і пакарыць гледачоў і журы, а проста годна выступіць на агульным фоне. Але не такі тэатр з Хоцімска, каб проста выйсці на сцэну для галачкі, маўляў, і мы тут былі. Так, у нас была не шматактавая п'еса з касцюмамі спецыяльна для яе пашытымі, не было і дэкарацый, распрацаваных і зробленых спецыяльна пад сцэнічную прастору, не было шумавых і светлавых эфектаў, якія ўражваюць уяўленне. Не было ўсяго гэтага. Але пасля саракахвіліннай, музычнай, па дзіцячаму наіўнай і зразумелай пастаноўкі першым, хто ўстаў і пачаў апладзіраваць артыстам быў старшыня журы Уладзімір Мішчанчук. Ужо пасля выступлення, у кулуарах стала вядома, што адзін з членаў журы, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Кірыла-Мяфодзьеўскай акадэміі славянскай асветы Валерый Данілавіч Анісенка быў захоплены ігрой актрысы Юліі Кавалёвай. Але гэта зусім не змяншае таленту яе партнёраў па сцэне Віталя Нікульчанкі, Крысціны Прахарэнкі, Сяргея Кавалёва і Кацярыны Ісаевай. Нельга не адзначыць працу і гукарэжысёра Аляксандра Бурагіна.

Толькі агульная праца ўсяго калектыва дазволіла «Праменю» увайсці ў лік узнагароджаных па выніках усіх праглядаў. На ўрачыстым закрыцці фестывалю народны аматарскі тэатральны калектыў Хоцімскага раённага Цэнтра культуры быў узнагароджаны спецыяльным Дыпломам "За творчы пошук", а Юлія Кавалёва атрымала Дыплом у намінацыі "Творчая тэатральная надзея". Матэрыяльным дадаткам да ўзнагарод стаў каштоўны падарунак - актыўная партатыўная стэрэасістэма.


Аляксандр АЛЕКСАНДРЫН

24 views0 comments

Comments


bottom of page