
7 кастрычніка Хоцімск ператварыўся ў адну вялікую пляцоўку для гулянняў. Дзесяткі метраў гандлёвых радоў, пункты з гастранамічнымі вынаходствамі, канцэрты! Усё гэта для перадавікоў, жыхароў і гасцей гарадскога пасёлка Магілёўскай вобласці.
Праграма абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2023" насычаная і цікавая, і нягледзячы на дажджлівае надвор'е, з самай раніцы народ пачаў запаўняць цэнтральныя вуліцы гарадскога пасёлка. Сапраўднае свята не было б святам без удзелу творчых калектываў, салістаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з удзелам якіх была арганізавана работа розных творчых пляцовак. Для гасцей свята працаўнікі клубных устаноў вобласці падрыхтавалі разнастайныя праграмы, дзе кожны мог знайсці сабе занятак па душы.
Адной з такіх пляцовак стала выстава-кірмаш «Багач Магілёўшчыны», у якой узялі ўдзел усе раёны вобласці, а таксама гарады Магілёў і Бабруйск. На пляцоўцы была прадстаўлена сельскагаспадарчая прадукцыя прадпрыемстваў рэгіёну, выставы-прэзентацыі, якія адлюстроўваюць аграпрамысловы патэнцыял, поспехі рэгіёна, турыстычныя, культурныя, прамысловыя і іншыя брэнды. Кірмаш уключаў у сябе 23 экспазіцыі, якія складаліся з беларускіх падворкаў, цэнтральным элементам кожнай з якіх з'яўляўся млын.
У гэтым годзе падворкі раёнаў здзівілі багаццем прадукцыі, маляўнічасцю нумароў, традыцыйнымі абрадамі і беларускай ветлівасцю. Можна было прайсціся па адной вуліцы і пазнаёміцца з асаблівасцямі ўсіх рэгіёнаў Прыдняпроўскага краю. З кожным годам пляцоўкі раёна прырастаюць у аб'ёме і ператвараюцца ў сапраўдныя творы мастацтва, якія наглядна дэманструюць дасягненні раёнаў Магілёўскага рэгіёна.
Разнастайныя стравы для гасцей свята прэзентавала пляцоўка “Традыцыйная кухня Падняпроўя”, якая раскрывала элемент нематэрыяльнай спадчыны ўключанай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь – “Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і спажывання Магілёўская вобласці». Кулінарныя вынаходствы прадстаўлялі 6 раёнаў – Краснапольскі, Слаўгарадскі, Быхаўскі, Магілёўскі, Бялыніцкі і Клічаўскі.
На працягу дня ў рамках "Дажынак-2023" прайшлі абласныя конкурсы "Дажыначны сноп", "Дажынкавы вянок", "Лепшы дажынкавы падворак", конкурс гульнявых пляцовак беларускіх народных гульняў і забаў.
Свята "Дажынкі" - вянок земляробчай працы. Асаблівай часткай урачыстасці, несумненна, можна назваць урачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2023 годзе і святочны канцэрт "Слава людзям, што працуюць на зямлі!". Яны прайшлі ў адкрытым пасля глабальнай рэканструкцыі раённым Цэнтры культуры.
Святочны канцэрт і ўзнагароджанне прайшлі з удзелам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Пятровіча Сяргеенкі, старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Міхайлавіча Ісачанкі, намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Леаніда Канстанцінавіча Зайца, намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Магілёўскай вобласці Аляксея Іванавіча Кушнарэнкі, Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Антонавіча Куліка, Веніяміна, мітрапаліта Мінскай і Заслаўскай епархій, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.
У святочным канцэрце акрамя беларускіх творчых калектываў удзел таксама прыняў і калектыў з Расіі - ансамбль народнай музыкі "Ватага" Бранскай абласной філармоніі.
Гулянні ў Хоцімску працягваліся да самага вечара, а завершылася свята святочным феерверкам.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК "Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР"