top of page
Search

Свята да нас прыходзіць


Перафразуючы афарызм Ежы Леца можна сказаць, што калі хочаш, каб Новы Год прыйшоў своечасова, рыхтавацца да яго прыходу трэба загадзя. І дзе, калі не ў Хоцімску, самым усходнім райцэнтры Беларусі, пачынаць да яго рыхтавацца? Цырымонія запальвання агнёў на галоўнай Навагодняй ёлцы Хоцімшчыны праходзіць у гарадскім пасёлку не першы раз, і адметнай яе асаблівасцю з'яўляецца тое, што адбываецца гэта раней, чым у Магілёве, Мінску і любым іншым беларускім горадзе. Мы першыя.

Увечары 9 снежня ў прысутнасці вялікай колькасці жыхароў і гасцей Хоцімска на пляцоўцы перад раённым Цэнтрам культуры намеснік старшыні Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Хучаў даў старт навагоднім святам. А прэрагатыву запальвання ёлкі галоўны зімовы чараўнік Дзед Мароз не саступіць нікому. І пасля прывітальных слоў прадстаўніка раённай адміністрацыі над пляцоўкай раздаўся вядомы ўсім з дзяцінства заклік: «Раз-два-тры — ялінка гары!»

Дадзенае гарадское свята заўсёды праходзіць з поспехам і карыстаецца папулярнасцю ва ўсіх катэгорый гледачоў ад дашкольнікаў да пенсіянераў. Ёсць і пэўныя традыцыі, як напрыклад, абавязковае шэсце Дзядоў Марозаў; тэатралізаваны паказ, заўсёды новы і арыгінальны, ад творчых калектываў устаноў культуры.

І ў завяршэнні прывяду цытату Дзеда Мароза са звароту да хацімчан: «Вядома, Новы Год - гэта самае галоўнае свята, але чаканне Новага Года - гэта самая лепшая пара ў годзе! Тым часам загадваюцца самыя запаветныя жаданні, у гэты час дзеткі пішуць нам лісты, а дарослыя спяшаюцца скончыць усе свае важныя і нецікавыя справы, каб у Навагоднюю Ноч ізноў вярнуцца ў дзяцінства, у казку. Чаканне Новага - Года пара вельмі патрэбная і важная!».



18 views0 comments