top of page
Search

СЁННЯ Ў ХОЦІМСКУ АДБЫЎСЯ МІТЫНГ-РЭКВІЕМ ПАМЯЦІ ПАЧАТКУ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ



Ёсць паняцце - сакральная дата. І ў асаблівых выпадках гэтае паняцце можна пашырыць да пэўнай гадзіны.

4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 г менавіта такі выпадак. Гэта святая дата і святы час для ўсіх беларусаў. Вось толькі станоўчай, радаснай, святочнай канатацыі яна не нясе. Яна стала вечным сімвалам гора і смутку нашага народа. Гэта час пачатку самай жахлівай вайны ў гісторыі чалавецтва, вайны ў якой загінуў на франтах, памёр у засценках фашысцкіх канцлагераў, быў знішчаны падчас акупацыі або прапаў без вестак кожны трэці беларус. З таго часу мінула ўжо 82 гады, але боль не сціх. Наш народ звыкся з гэтым болем, прымусіў сябе, не звяртаючы на яго ўвагі, адраджаць гарады і весі, разбураныя і спаленыя бязлітасным ворагам. Прымусіў ізноў каласіцца хлебныя нівы, прымусіў працаваць заводы і фабрыкі. Прымусіў сябе жыць далей. А пастаянны боль ператварыўся ў вечную памяць.

У 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня па ўсёй Рэспубліцы Беларусь людзі прыходзяць на Брацкія магілы загінуўшых воінаў, да мемарыялаў вязняў канцлагераў, да магіл мірных жыхароў, забітых і памерлых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нашчадкі ўскладаюць кветкі і запальваюць свечкі ў гонар сваіх гераічных продкаў. Сёлета такім месцам сходу для хацімчан стала Брацкая магіла воінам, якія загінулі за вызваленне гарадскога пасёлка. Выступаючы на мітынгу старшыня Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта яшчэ раз нагадаў усім прысутным жахлівыя лічбы: амаль 5 тысяч ураджэнцаў Хоцімскага раёна не вярнуліся з палёў бітваў; каля тысячы чалавек мірных жыхароў раёна, сярод якіх былі жанчыны, старыя, дзеці, былі расстраляны фашыстамі за час акупацыі; больш за 400 нашых землякоў былі сагнаны ў фашысцкае рабства, з іх вярнулася каля 300.

Малітвай памянуў нашых землякоў і ўсіх нявінна забітых за гады вайны настаяцель Свята-Троіцкага Сабора айцец Павел. Эстафету памяці прыняло маладое пакаленне хацімчан у асобе першага сакратара РК ГА «БРСМ» Вольгі Рэусавай. У сваім выступленні яна выказала поўную ўпэўненасць у тым, што моладзь Беларусі захавае ўдзячную памяць аб тых, хто абараняў нас, выратаваў ад фашызму, прынёс мір народам. Хто коштам сваіх жыццяў даў права і магчымасць жыць нам. Ніколі не згасне ў нашых сэрцах святло Перамогі і Вечны агонь памяці.


Аляксандр АЛЯКСАНДРЫН.

Фота Іны Дзмітрачковай


Больш фота у нашых сацыяльных сетках тут

3 views0 comments
bottom of page