
Канцэрт, прысвечаны галоўнаму вясноваму святу Дня жанчын 8 сакавіка ў раённым Цэнтры культуры - гэта ўжо добрая традыцыя. Сёлета жанчынаў Хоцімшчыны апроч артыстаў павіншавалі і кіраўнікі раённай адміністрацыі. Зрабілі яны гэта з дапамогай відэазвароту з экрана. Вось толькі трапіць у глядзельную залу маюць магчымасць не ўсе ахвочыя жанчыны. У першую чаргу гэта адносіцца да тых, хто пражывае ў сельскай мясцовасці. Але калі яны не могуць прыехаць на канцэрт, то канцэрт можа прыехаць да іх. Выязныя канцэрты аддзела нестацыянарнага абслугоўвання РЦК "Аб жанчынах з любоўю" прайшлі для жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак Альшоў, Юзэфаўка. Не гледзячы на абсалютна не вясновае снежнае надвор'е жыхары названых вёсак былі рады сустрэчы з артыстамі і засталіся задаволены выступленнямі. Удзельнікі мерапрыемства ззялі сваімі талентамі, яркімі вобразамі. Пачуццё свята і добры настрой панавалі на ўсіх трох канцэртах і не раз гучалі словы любові і падзякі, віншаванняў і пажаданняў, адрасаваных тым, хто напаўняе жыццё сваім цяплом і прыгажосцю.