top of page
Search

Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна прыняла ўдзел у "Тыдні міласэрнасці"


Рэспубліканская акцыя "Тыдзень міласэрнасці" завяршылася 3 снежня ў Міжнародны Дзень інвалідаў. Ва ўсёй Беларусі адбыліся культурныя і грамадскія мерапрыемствы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і з іх непасрэдным удзелам.

Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна прыняла ўдзел у гэтай дабрачыннай ініцыятыве. 30 лістапада дырэктар ЦКС Хоцімшчыны, якая з'яўляецца таксама старшынёй праўлення Хоцімскай раённай арганізацыі "Беларускі фонд міру", наведала Хоцімскі раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў на базе Бесядавічскага ВПК "Дзіцячы сад-сярэдняя школа". Дзецям з абмежаванымі магчымасцямі падарылі навагоднія падарункі. Таксама ўзорны тэатральны калектыў “БРЫЗ” пад кіраўніцтвам выкладчыка Дзіцячай школы мастацтваў Ірыны Васільковай паказаў спектакль “Проста шэрая кошка”. 3 снежня артысты Забелышынскага СДК сумесна з прадстаўнікамі сельскай бібліятэкі і мясцовай школы наведалі пажылых людзей у аддзяленни кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў з канцэртнай праграмай "Дакраніся да мяне дабрынёй!". У гэты ж дзень у Хоцімску ў раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва майстар-клас па вырабе навагодніх сувеніраў з пражы правяла майстар Раённага Дома рамёстваў Таццяна Навумава. Пад яе кіраўніцтвам людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць дадзеную ўстанову, з захапленнем больш за гадзіну ўласнымі рукамі рабілі сабе і сваім блізкім падарункі. І ў сваю чаргу атрымалі падарункі ад арганізатараў акцыі. Такім чынам ініцыятыва Хоцімскага ЦКС ахапіла ўсе ўзроставыя групы інвалідаў ад самых маленькіх да пажылых людзей. Удзельнікі мерапрыемстваў сыходзяцца ў меркаванні, што сама магчымасць аказаць камусьці дапамогу падарыць імгненні радасці. Шчырая падзяка і смех - найлепшая ўзнагарода для іх.


Аляксандр Александрын, метадыст ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»



29 views0 comments