top of page
Search

Тэатральная вясна. У нас - Гран-пры!

ІІ Міжнародны фестываль-конкурс тэатральнай творчасці "Тэатральная вясна" адбыўся 31 сакавіка гэтага года ў Магілёве на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Гэты тэатральны форум збірае пад сваёй эгідай аматарскія дарослыя і дзіцячыя калектывы з усёй Беларусі і блізкага замежжа. Фестываль толькі, як кажуць, набірае абароты, але ўжо ў рамках дзвюх намінацый "Драматычны тэатр" і "Мастацкае слова" ў ім прынялі ўдзел звыш 150 канкурсантаў.
Народны аматарскі тэатральны калектыў "Прамень" Хоцімскага раённага Цэнтра культуры прымаў удзел яшчэ ў самым першым фестывалі "Тэатральная вясна" і быў адзначаны двума дыпломамі за другое месца ў абедзвюх намінацыях. Вярнуўшыся на фестывальныя падмосткі сёлета, яны сутыкнуліся з сур'ёзнымі сапернікамі з Магілёва. І па словах, галоўнага рэжысёра Таццяны Паседзькі, у лепшым выпадку спадзяваліся паўтарыць свой папярэдні вынік. Але падрыхтаваная хоцімскімі артыстамі інтэрмедыя "Любовь нечаянно нагрянет..." пакарыла журы фестывалю настолькі, што акрамя першага месца ў намінацыі "Драматычны тэатр" яно аддало хоцімчанам Гран-пры фестывалю. Кажучы спартыўнай мовай: гэта безумоўная перамога за відавочнай перавагай.
Аляксандр АЛЯКСАНДРЫН.


7 views0 comments