21 лістапада другі год запар У Забялышынскім СДК праходзіць конкурсна-гульнявая праграма «Міс восень». Жыхары ішлі на мерапрыемства, каб падтрымаць удзельніц конкурсу. Гэта навучэнцы 4-5 класаў Забялышынскай школы Соф'я Пасечная, Кацярына Гарбачова, Анастасія Шаўрыдзіна. Яны праявілі сябе ў наступных конкурсах: "Візітная картка", інтэлектуальным "Разумніцы", конкурсе з балельшчыкамі, творчым "Я само зачараванне", "Рэклама прадметаў восеньскага гардэроба", "Паэтычная восень" і "Убор для восені".
Усе дзяўчынкі вельмі імкнуліся спадабацца гледачам і, вядома ж, строгаму журы. Яны чыталі вершы, спявалі, танчылі, адказвалі на нялёгкія пытанні вядучай. І гэта ім нядрэнна ўдавалася. Але ў любым конкурсе, як вядома, абавязкова мусіць быць пераможца. Журы падвяло вынікі. Для іх аб'яўлення і ўзнагароджання ўдзельніц на сцэну ўзнялася Святлана Пятроўна Баранава, бібліятэкар Забялышынскай сельскай бібліятэкі і Юлія Уладзіміраўна Таранава, кіраўнік справамі сельскага выканаўчага камітэта. Ганаровае трэцяе месца заняла Анастасія Шаўрыдзіна, на другім месцы Соф'я Пасечная. Ну, а карону пераможцы ў нялёгкай барацьбе заваявала Кацярына Гарбачова. Усе дзяўчынкі атрымалі дыпломы за ўдзел і памятныя падарункі, якія ім падарыла ТАА «ГандальСтыльАдзенне» у асобе дырэктара Рузімава Руфаталі Хікматалі Углі. Гледачы не пашкадавалі аб тым, што прыйшлі ў гэты вечар у Дом культуры. Яркія музычныя нумары, маляўнічыя касцюмы ўдзельніц, атмасфера свята садзейнічалі таму, каб ва ўсіх гасцей быў добры настрой і яны хаця б ненадоўга адцягнуліся ад сваіх паўсядзённых клопатаў і праблем і проста адпачылі. А ці не гэта галоўнае?