
Кожны год 1 чэрвеня гарадскі парк культуры і адпачынку Хоцімска ператвараецца ў адну вялікую гульнявую пляцоўку. І гаспадары на ёй, вядома, жа дзеці. У міжнародны дзень абароны дзяцей у гарадскім пасёлку праходзіць рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці "Зоркі над Бесяддзю". Свята, якое ў дзяцей асацыіруецца з пачаткам лета і самых доўгіх у годзе канікул, традыцыйна збірае таленавітых і адораных дзяцей як з Хоцімскага раёна, так і з бліжэйшых рэгіёнаў Магілёўшчыны. У гэтым годзе на фестываль разам з удзельнікамі з Клімавіцкага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага раёнаў прыехалі і госці з Суражскага раёна Бранскай вобласці Расіі. Так, што можна сказаць, што дзіцячы творчы форум над Бесядзю паступова выходзіць на міжнародны ўзровень. Хоць, вядома ж, да ўзроўню Клімавіцкай «Залатой пчолкі» наш фестываль яшчэ чакае маштабнае развіццё. Галоўнай асаблівасцю нашага фестывалю, можна назваць поўную адсутнасць конкурснай праграмы. Усе ўдзельнікі незалежна ад узросту і відаў мастацтваў аўтаматычна прызнаюцца пераможцамі і атрымліваюць паўнапраўныя дыпломы і прызы. Гэтае ўсвядомленае рашэнне арганізатараў. Для многіх дзяцей, якія прадстаўляюць сельскія дамы культуры і клубы і не толькі, сцэна хоцімскага фестываля з'яўляецца дэбютнай. Зрабіць першы крок да гледачоў - гэта ўжо перамога. А апынуцца побач са старэйшымі, больш дасведчанымі таварышамі - сапраўдная школа майстэрства. Падтрымаць юныя таленты, надаць веры ва ўласныя сілы, а не выяўляць лепшых сярод роўных - вось галоўная мэта фестывалю.