
Ёсць у святкаванні Дня Вялікай Перамогі 9 мая ў Хоцімску свае традыцыі, якія даўным-даўно склаліся. І хоць кожны раз свята атрымліваецца непадобным на папярэдні ў цэлым можна казаць аб сталасці рытуалаў і манеры правядзення. І мерапрыемствы, якія правялі ў гарадскім пасёлку сёлета, можна ахарактарызаваць менавіта як традыцыйныя. Гэта і шэсце працоўных калектываў на чале з адміністрацыяй Хоцімскага раёна, і мітынг ля Брацкай магілы воінаў загінуўшых за вызваленне Хоцімшчыны, і вялікая канцэртная праграма з удзелам калектываў клубных устаноў раёна.
Мітынг, прысвечаны 78-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, сабраў у скверы каля брацкай магілы прадстаўнікоў усіх пакаленняў. І ва ўступах старшыні Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта Геворга Мелканяна, старшыні Хоцімскага раённага савета ветэранаў Мікалая Тамашова, начальніка адасобленай групы (Хоцімскага раёна) ваеннага камісарыята Клімавіцкага і Хоцімскага раёнаў маёра Вадзіма Белавусава, першага сакратара РК ГА "БРСМ" Вольгі Рэўсавай гучала падзяка нашым гераічным продкам, якія абаранілі свабоду не толькі сваёй краіны, але і ўсёй Еўропы. Беларусь памятае імёны сваіх герояў, і як адзначыў маёр Белавусаў кожны год пошукавыя атрады знаходзяць астанкі загінуўшых байцоў і аднаўляюць іх даныя. Несмяротны полк беларускага народа папаўняецца. Летась у Хоцімску былі аддадзены зямлі астанкі нашага земляка радавога Сатвароннага, і не выпадкова сёлета яго сваячка Марыя Кошкіна і яе ўнучка Крысціна пад песню "Бесмяротны полк" у рамках харэаграфічнай кампазіцыі, падрыхтаванай навучэнцамі Сярэдняй школы №1 у фінале мітынгу, урачыста ўсклалі кветкі.
Вядома ж, не ўсе жыхары Хоцімскага раёна маглі прыехаць у гарадскі пасёлак на святочныя мерапрыемствы. Але свята само прыехала да іх. Напярэдадні 9 мая выязная канцэртная брыгада аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва РЦК наведала дзве маланаселеныя вёскі Васілеўка-2 і Малуноўка з канцэртнымі праграмамі, прысвечанымі Дню Перамогі. І прыемна было бачыць сярод гледачоў жывых сведкаў той вайны, як, напрыклад, жыхар Малуноўкі Рыгор Віктаравіч Жураўкоў.
У Парку культуры і адпачынку хотимчане і госці гарадскога пасёлка маглі знайсці забаву на любы густ: атракцыёны, тэматычныя пляцоўкі, выязны гандаль, латарэі, конкурсы, праца стылізаваных падворкаў не давалі сумаваць. Вялікі святочны дзень завяршыўся выступленнем народнага вакальнага калектыву "Пацеха" раённага цэнтра культуры, але да позняга вечара ў парку не разыходзіліся людзі.
А.А.Александрын, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»
Больш фота ў сацыяльных сетках