
Народны мужчынскі вакальны ансамбль "Хлопцы Пасялковыя" Хоцімскага раённага Цэнтра культуры адзначыўся чарговым удзелам у маштабным культурным мерапрыемстве міжнароднага ўзроўню. З 27–29 мая ў горадзе Ліпецк Расійскай Федэрацыі прайшоў II Міжнародны фестываль народнай творчасці "Ты, Расія, і сэрца, і песня мая!" імя заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Андрэя Місцюкова. Фестываль народнай творчасці праводзіцца ў Ліпецкай вобласці з 1989 года і стаў адным з самых значных культурных форумаў Расіі, удзел у ім для непрафесійных аматарскіх калектываў і салістаў у вакальным і харэаграфічным мастацтве надае значны статус, бо ацэньваюць канкурсантаў прафесіяналы самага высокага ўзроўню з Масквы, Пецярбурга, Варонежа. З 2019 года фестываль атрымаў статус Міжнароднага, а сёлета ўключаны ў план Года культурнай спадчыны народаў Расіі. Ансамблі з 24 рэгіёнаў Расіі, Казахстана і Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел у конкурснай праграме непасрэдна ў Ліпецку, Рэспублікі Сербія і Паўночная Македонія ўдзельнічалі анлайн.