
Юбілейны Х Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які прайшоў у сталіцы Башкартастана 26-28 чэрвеня, ахапіў літаральна ўсе ключавыя напрамкі ўзаемадзеяння дружалюбных краін - ад развіцця прамысловасці, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва да ўмацавання культурных і духоўных сувязей народаў. На апошніх аспектах хочацца спыніцца асабліва, паколькі ў фестывалі нацыянальных культур "Сэрца Еўразіі", які праходзіў у рамках форуму, прыняў удзел калектыў з Хоцімскага раёна - народнае мужчынскае вакальнае трыо "Хлопцы Пасялковыя". Увогуле ва Уфе былі прадстаўлены ўсе вобласці і рэгіёны Рэспублікі Беларусь, але канкрэтна ад Магілёўшчыны акрамя нашых хлопцаў Валерыя Жадана, Віталя Нікульчанкі і Дзяніса Шалганава ў дэлегацыю ўваходзілі арт-група «Магілёўцы» «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы» і майстры народных рамёстваў і дэкаратыўна прыкладнога мастацтва Касцюковіцкага, Мсціслаўскага, Быхаўскага і Горацкага раёнаў. «Хлопцы Пасялковыя» на працягу ўсіх трох дзён міжнароднага форуму выступілі на некалькіх канцэртных пляцоўках, уключаючы галоўную сцэну, як з сольнымі канцэртамі, так сумесна з арт-групай «Магілёўцы». Два калектывы ўжо раней дзялілі адну сцэнічную пляцоўку на іншых міжнародных мерапрыемствах і маюць сумесны рэпертуар. Павільёны Магілёўскай вобласці наведалі многія высокія дэлегацыі і госці, уключаючы кіраўніка Рэспублікі Башкірыя - Радый Хабіраў.
Ад паездкі і ўдзелу ў такога высокага ўзроўню міжнародным мерапрыемстве ў «Хлопцаў» засталіся яркія і незгладжальныя ўражанні. Як зрэшты і ад іншых паездак, якімі ў апошнія гады багатая творчая біяграфія. Але чым асабліва запомніцца ім Уфа і фестываль «Сэрца Еўразіі» - дык гэта самым вялікім карагодам у нацыянальных строях. Удзельнікі масавага флэшмобу на плошчы ў парку Ватан устанавілі новы рэкорд Расіі! у намінацыі "Самы масавы карагод круг у крузе ў нацыянальных касцюмах у свеце". Рэкорд зафіксаваў заснавальнік і галоўны рэдактар Кнігі рэкордаў Расіі, кандыдат філасофскіх навук Станіслаў Каненка. Дакладная колькасць удзельнікаў карагода склала 2834 чалавекі. Сярод якіх былі і тры хоцімскія хлопцы — Валерый, Дзяніс і Віталь, пра што ім быў выдадзены спецыяльны Сертыфікат. Такім чынам «Хлопцы Пасялковыя» могуць з поўным правам заяўляць аб сабе і пісаць на афішах, як аб рэкардсменах Кнігі рэкордаў Расіі.
Аляксандр АЛЯКСАНДРЫН.