
Свята Купалле — традыцыйнае і адно з самых любімых для беларусаў. Дахрысціянская паганская культура славян незвычайная тым, што ў адрозненне ад іншых (скандынаўскай ці старажытнагрэцкай, напрыклад) не мае выразнай структуры і іерархіі багоў і бостваў. Галоўным богам старажытных грэкаў быў Зеўс - і кропка. Адносна славянскага пантэона так не скажаш. У адных радавых саюзаў (плямёнаў) вярхоўным быў Пярун, у іншых Ярыла, у трэціх Ладо. А на нашых Прыдняпроўскіх Пасожскіх землях вызначана - Купала. Даказваецца гэта проста. Хто-небудзь ведае, калі святкуецца Пяруноў дзень? Ці Ярылін дзень? А калі свята Купалы ведаюць і памятаюць усе. Нягледзячы на тое, што з прыходам хрысціянства ён інтэграваўся ў праваслаўе, як Дзень Раства Іаана Прадцечы. Нашы продкі проста дадалі да імя святога "Іван" імя свайго вярхоўнага бога "Купала". І ад таго дзень Івана Купалы можна лічыць не толькі агульнаславянскім і нацыянальным беларускім, але і нашым мясцовым хоцімскім. Тым больш што традыцыі і абрады ў нас выконваюцца дагэтуль.
Кожны год увечар напярэдадні Івана Купалы хацімчане і госці нашага пасёлка збіраюцца ў парку культуры і адпачынку. Своеасаблівая дасылка да старажытнага звычаю хадзіць Купальскую ноч у лес. Кожны год узводзіцца вялікае купальскае вогнішча, плятуцца вянкі, рыхтуюцца пачастункі. Некалькі разоў праяўлялася ініцыятыва і перанос месца свята. Праходзіў ён і на беразе Бесядзі і ў прыгарадных лясных урочышчах. Але неяк не прыжылося... Купалле ў парку - гэта калі хочаце, таксама традыцыя. Наша мясцовая традыцыя. Такая ж, як абавязковая тэатралізаваная канцэртная праграма, падрыхтаваная работнікамі ўстаноў культуры Хоцімскага раёна, выставы і тэматычныя пляцоўкі. Народны тэатр “Прамень” спецыяльна да гэтага свята прадстаўляе прэм'еру невялікай казкі. Нягледзячы на тое, што тэматыка заўсёды аднолькавая - купальскія прыгоды нячыстай сілы, пошукі запаветнай папараць-кветкі, перамога святла і дабра над цёмнымі сіламі, сюжэты пастановак ніколі не паўтараюцца. У гэтым артыстам з Хоцімска дапамагалі калегі Іванаўскага СДК.
Завяршаецца свята Купалле на Хоцімшчыне танцамі і гуляннямі, не хочацца ў кантэксце старажытных звычаяў ужываць сучаснае слова "Дыскатэка". Але многія хацімчане аддаюць перавагу прайсці ўвесь рытуальны цыкл і па традыцыі сустракаюць світанак новага дня, новае сонца.
А.А.Александрын, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»
Больш фота глядзіце у нашых сацыяльных сетка тут