top of page
Search

Як «Хлопцы Пасялковыя» «дакаціліся» да… Йашкар-Алы!


Дзе знаходзіцца Аршанскі раён? Упэўнены, што кожны чытач не задумваючыся адкажа: у Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь. І мае рацыю. Але толькі збольшага. Пацягну інтрыгу і паведамлю, што народнае мужчынскае вакальнае трыа «Хлопцы Пасялковыя» Хоцімскага раённага Цэнтра культуры 4 і 5 красавіка гэтага года наведалі Аршанскі раён і прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Ансамбль выступіў з сольным паўтарагадзінным канцэртам перад жыхарамі адміністрацыйнага цэнтра Аршанскага раёна пасёлка гарадскога тыпу Аршанка. І не, я не памыліўся. Менавіта Аршанка. Бо і сам пасёлак, і Аршанскі раён знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Марый Эл. А вось пра тое, як «Хлопцы Пасялковыя» там аказаліся раскажу падрабязней.

У жніўні мінулага года Хоцімскае мужчынскае вакальнае трыа прыняло ўдзел у Міжрэгіянальным фестывалі нацыянальных традыцый і творчасці "Разам - мы Расія" ў горадзе Савецк Калінінградскай вобласці Расіі. На гэтым творчым форуме, як прынята казаць, у кулуарах, адбылося знаёмства хоцімчан з марыйцамі, а дакладней з удзельнікамі заслужанага калектыва народнай творчасці Расійскай Федэрацыі фальклорна-этнаграфічнага ансамбля з Йашкар-Алы "Марый Памаш" ("Марыйская крыніца" ў перакладзе на беларускую мову ). Калектывы абмяняліся кантактамі і раз'ехаліся кожны ў свой бок. Але ўражанні ад зносін з беларусамі ў марыйцаў засталіся настолькі яркімі, што яны выступілі з рэкамендацыяй перад арганізатарамі святочных мерапрыемстваў у Марый Эл, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, і прапанавалі запрасіць у якасці гасцей "Хлопцаў Пасялковых". І хацімчане запрашэнне прынялі. Прычым, Валерый Жадан, Віталь Нікульчанка і Дзяніс Шалганаў прадстаўлялі Хоцімскі раён і Рэспубліку Беларусь не толькі як вакальны ансамбль, але і як дэлегаты на чале з дырэктарам Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Хоцімскага раёна Аленай Прошкінай.
Як дэлегацыя ад Рэспублікі Беларусь яны прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве 4 красавіка ў сталіцы Рэспублікі Марый Эл Йашкар-Але і выканалі беларускія песні са свайго рэпертуару ў рамках канцэртнай праграмы. А ўжо на наступны дзень 5 красавіка прыехалі з сольным канцэртам у Аршанку. Трэба адзначыць і той факт, што прымаючы бок не выпадкова запрасіў для ўдзелу ва ўрачыстасцях прадстаўнікоў менавіта Магілёўскай вобласці Беларусі, бо паміж Марыйскай Рэспублікай і Магілёўшчынай яшчэ ў 2018 годзе была падпісана дамова аб рэгіянальным супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Так што два гэтыя рэгіёны можна афіцыйна назваць пабрацімамі. «Хлопцы Пасялковыя» пакінулі пасля сябе ў Марый Эл яскравыя ўражанні і ў поўнай меры сваіх магчымасцяў пазнаёмілі марыйцаў з беларускай культурай.
На радзіму хацімчане вярнуліся з Лістом Падзякі за подпісам Міністра культуры, друку і па справах нацыянальнасцей Рэспублікі Марый Эл Канстанціна Іванова, і Падзякай ад кіраўніцтва Аршанскага раёна Марый Эл. Падзяку ад Главы муніцыпальнай адукацыі, старшыні Сходу дэпутатаў муніцыпальнага ўтварэння «Аршанскі муніцыпальны раён» Андрэя Шабаліна і кіраўніка адміністрацыі муніцыпальнага ўтварэння “Аршанскі муніцыпальны раён” Аляксандра Плотнікава нашы дэлегаты перадалі старшыні Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта Міхаілу Куксянкову за дапамогу ў арганізацыі паездкі ансамбля “Хлопцы Пасялковыя”..
Аляксандр АЛЯКСАНДРЫН

Відэа ўдзелу народнага вакальнага мужчынскага трыа "Хлопцы пасялковыя" у святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі ў Йашкар-Але, глядзіце ТУТ


15 views0 comments