top of page
Search

Нашы на "Полі цудаў"



Ёсць меркаванне, што калі людзі працуюць у адным творчым калектыве, то ўвесь працоўны і асабісты час яны бавяць разам. Гэта абсалютна не так. Бывае нават, што сумесныя выступы і гастролі - гэта адзіны фактар, якіх іх аб'ядноўвае. А за межамі сцэны яны нават не размаўляюць. Але да народнага вакальнага мужчынскага ансамбля «Хлопцы Пасялковыя» гэта не адносіцца. Валерыя Жадана, Дзяніса Шалганава і Віталя Нікульчанкі звязвае шматгадовае моцнае сяброўства. І ўсё ж сабраць іх разам нават для гэтага інтэрв'ю было няпроста. У кожнага свая прафесійная занятасць.

А сустрэча наша была прысвечана ўдзелу калектыву ў тэлешоу "Поле Цудаў". Хлопцы расказалі пра тое, як трапілі на легендарную перадачу, што засталося за кадрам, і пра ўсё, што ім запомнілася.

- Пачнем спачатку. Як вы апынуліся ў Маскве, у Астанкіне? Чаму менавіта “Хлопцы Пасялковыя” прадстаўлялі ўсю Магілёўскую вобласць?

Валерый: - Была задумана перадача, прысвечаная Рэспубліцы Беларусь. Кіраўніцтва перадачы звязалася з Міністэрствам культуры нашай краіны і было прынятае рашэнне, каб былі прадстаўнікі ўсіх абласцей, але не толькі абласных цэнтраў, але і раённых, аграгарадкоў. І каб удзельнікі прадстаўлялі ўсе сферы, вы ж бачылі самі, за барабанам былі і механізатары, і работнікі пракуратуры, і прадстаўнікі іншых прафесій. Асобна абмяркоўваўся і зацвярджаўся спіс творчых калектываў. І, напэўна, так супала, што “Хлопцы Пасялковыя” з маленькага пасёлка могуць выступіць, як вакальны ансамбль, і мне, як прадстаўніку сферы культуры, знайшлося месца сярод удзельнікаў. Можна сказаць, забілі адным стрэлам некалькі зайцаў.

-Праграма з вашым удзелам запісвалася месяц таму, у эфір выйшла 19 мая. І да эфіру вам па дамове было нельга распаўсюджваць інфармацыю. Няўжо такія строгія абмежаванні?

Дзяніс: - Мы ўжо з Мінска ў Маскву выязджалі з Віталем у адным аўтобусе, як артысты, а Валерый і іншыя ўдзельнікі гульні непасрэдна ехалі ў іншым. За тыя тры дні што былі ў Маскве, мы практычна не размаўлялі з ім. Мы жылі ў розных гатэлях. Я і Віталь пры пасольстве Рэспублікі Беларусь, літаральна за два крокі ад Чырвонай Плошчы, а Валерый на ВДНГ. Бачыліся мімаходам на рэпетыцыі і непасрэдна перад гульнёй. Правілы сапраўды строгія, парушэнне дамовы аб невыдаванні цягне штрафы, а саму перадачу могуць нават зняць з эфіру.

Валерый: - Трэба разумець, што адну здымачную сесію за два дні на студыі здымаецца шэсць праграм, па тры за дзень. Уявіце, колькі гэта народу! За ўсімі не ўсочыш, таму арганізатары настойліва ўсім паўтараюць, што можна фатаграфаваць, што нельга, пра што можна казаць, пра што не.

-А як праходзіць здымка? Вы ўжо прыадчынілі сакрэт, што ў эфір пападае толькі каля траціны знятага матэрыялу, што застаецца за кадрам?

Валерый: - Перадача пішацца ў рэжыме "нон-стоп". Няма ніякіх дубляў, ніякіх паўзаў, перазапісаў. Перад запісам праводзяць толькі тэхнічную рэпетыцыю, тлумачаць куды выходзіць, куды заходзіць, у якія камеры глядзець. Дарэчы, для прывітанняў ёсць спецыяльная камера над якой нават таблічка вісіць "Прывітанні". Але камер у студыі велізарная колькасць, і патрэбную ўсё роўна не адразу знаходзіш. Зводзяцца і адглядаюцца музычныя нумары.

Павінен прызнацца - барабан на "Поле Цудаў" даволі цяжкі і трэба прыкласці намаганне, каб яго раскруціць. І круціцца ён доўга. У гэты час Якубовіч размаўляе з гульцамі, распытвае пра сям'ю і працу, можа прыкрыкнуць на шумных аператараў. Вось гэта ўсё - выразаецца на мантажы. На экране - крутнуў барабан і праз хвіліну стрэлка замерла. Насамрэч праходзіць хвілін 5-10.

- А што адбываецца за кулісамі? Гэта заўсёды цікава.

Віталь: -За кулісамі, дакладней у спецыяльным памяшканні за дэкарацыямі вісіць тэлевізар. Можна глядзець, што адбываецца ў студыі ў жывым эфіры. Нашмат цікавей чым дома на канапе. Артысты чакаюць сваёй чаргі на выступленне.

Дзяніс: - Сядзяць асістэнты вядучага, тыя што прызы выносяць і літары адчыняюць. Гуляюць у мабільныя тэлефоны. Увогуле звычайнае закуліснае жыццё.

Віталь: - Мы з Дзянісам дапамагалі калегам з іншых ансамбляў выносіць і занасіць інструменты. Гэта таксама ў эфір не патрапіла. Так што на сцэну мы выходзілі не адзін раз. Пасля кожнай тройкі ігракоў робіцца невялікі перапынак, каб ўдзельнікі і госці сфатаграфаваліся з Якубовічам, каб падрыхтаваць студыю для наступных удзельнікаў. Мы з Дзянісам выйшлі ў студыю. Валерыя няма. Падышлі да Леаніда Аркадзьевіча. Просім сумеснае фота. А ён пытаецца: А дзе трэці? Інтэрв'ю дае, адказваюць яму памагатыя. І тут мы з Дзянісам зразумелі - наш перамог! Валерый у фінальнай тройцы.

-Усе хто глядзеў эфір, адзначаюць складанасць заданняў на гульню.


А.А.Александрын, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»


Больш фота ў сацыяльных сетках тут

4 views0 comments
bottom of page