top of page
Search

У Іваноўскім СДК правялі абрад "Капусткі"


У апошні час увага з боку грамадства і дзяржавы да нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў становіцца ўсё больш пільнай. Усё, што неяк звязана з нашай традыцыйнай культурай, імкнуцца аднавіць, зафіксаваць, адрадзіць і папулярызаваць. І гэта нядзіўна. У наша лічбавае стагоддзе камфорту і аўтаматызацыі ўсяго і ўся традыцыі, звычаі, песні, рамёствы і абрады нашых продкаў паступова забываюцца. А менавіта яны з'яўляюцца складовай часткай таго, што мы называем «душой» беларускага народа, яго жыццёвай асновай і духоўным пачаткам. Да традыцыйнай беларускай культуры адносяцца і рэцэпты прыгатавання розных страў. Цяпер простаму абывацелю значна прасцей купіць ужо гатовую страву ў краме, а тых, хто памятае, як гатавалі нашы бабулі і прабабулі, нажаль, з кожным годам становіцца ўсё менш.


У сувязі з гэтым у Іванаўскім сельскім Доме культуры з удзелам народнага фальклорнага ансамбля “Вербіца” быў праведзены народны абрад “Капусткі”. Даўней гэты абрад праводзіўся падчас ферментавання капусты. Да нашых дзён дайшло некалькі традыцыйных для Хоцімшчыны рэцэптаў ферментавання капусты. Для правядзення абраду быў абраны найменш распаўсюджаны - ферментаванне капусты з агуркамі. Для гэтага загадзя квасілі агуркі, перакладалі іх пластамі з капустай, змешанай з морквай, залівалі салёнай вадой і клалі ўсё гэта пад "гнёт". Падрыхтоўка суправаджалася фальклорнымі песнямі.

З мэтай захавання і папулярызацыі традыцыйных рэцэптаў ферментавання капусты работнікамі раённага Цэнтра культуры ажыццяўляецца падрыхтоўка неабходнай дакументацыі для ўключэння элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Асаблівасці ферментавання гародніны ў вёсках Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці" ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Кавалёў, метадыст РЦК ДУК "Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна"
12 views0 comments
bottom of page