top of page
2016. Берегиня.jpg

Народны  фальклорны ансамбль "Вербіца"

Аснову рэпертуару народнага  ансамбля "Вербіца"  Іваноўскага сельскага Дома культуры складаюць народныя песні.

Кіраўнік калектыву - Сухадолава Марына Віктараўна

      Фальклорны гурт “Вербіца” быў створаны ў 1990 годзе ў Іваноўскім сельскім Доме культуры  .  Першым  стваральнікам  калектыву была Осіпава Святлана Яўгенаўна. Яна аб’яднала ў адзін творчы калектыў людзей сталага ўзросту, якія добра ведалі песенную спадчыну рэгіёну, абрады і традыцыі сваёй  мясцовасці. Перажыўшы доўгі застой, у  2011 г., з прыходам у калектыў новага  кіраўніка   Сухадолавай Марыны Віктараўны,  творчае жыццё гурта атрымала новае дыханне.  Гурт стаў весці больш актыўнае канцэртнае жыццё, працаваць над пашырэннем рэпертуару . Творчая дзейнасць калектыву стала паступова аднаўляцца, пачалася актыўная праца: збор аўтэнтычных касцюмаў, збор песеннага фальклору, адраджэнне ўласцівых мясцоваму насельніцтву аўтэнтычных танцаў, гульняў, абрадаў.  У 2013 годзе  за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную дзейнасць калектыву прысвоена найменне  “Народны”.

    На сённяшні дзень фальклорны гурт “Вербіца” – гэта згуртаваны творчы калектыў, які налічвае 6 чалавек ва ўзросце ад 38 да 82 гадоў. Менавіта Марына Віктараўна здолела ўзняць калектыў да ўзроўню аднаго з лепшых і адметных гуртоў Хоцімскага раёна. Гурт адразу ж стаў выдзяляцца на фоне другіх фальклорных гуртоў  своёй адметнасцю: бабулі апранаюцца  ў касцюмы, якія збіралі самі, падаставалі з куфраў. Гэта вышываныя рубахі, старынныя андаракі і фартукі. Коратка можна сказаць, што ў параўнаннi з другімі калектывамі раёну, удзельнікі народнага  гурта захавалi глыбокiя старажытныя каранi і асноўная тэматыка іх -- бытавая. Адметным стала і выкананне аутэнтычных песень, чым сталі цікавіцца журналісты і арганізатары фальклорных мерапрыемстваў.  Гэта і дало штуршок работнікам Іваноўскага СДК выбраць асноўны накірунак ў рабоце клуба --адраджэнне, захаванне і распаўсюджванне старынных абрадаў, прыцягненне моладзі да народнай традыцыйнай культуры.

      Удзельнікі фальклорнага гурта з’яўляюцца носьбітамі самабытнай народнай спадчыны, якая засталася ім ад старэйшага пакалення жыхароў вёскі Іваноўка. Яны з задавальненнем наведваюць рэпетыцыі, кожная з якіх ператвараецца ў невялікі канцэрт, або, дакладней, пасядзелкі, якія праходзяць у фальклорна-этнаграфічным кутку сельскага Дома культуры. З задавальненнем вясковыя жанчыны раскрываюць свае здольнасці і талент праз песні, якія перадаюць цеплыню чалавечай душы і з’яўляюцца часткай культурнай спадчыны нашага народа.

   Большую частку  рэпертуару фальклорнага гурта “Вербіца” складаюць каляндарна-абрадавыя і пазаабрадавыя  песні, прыпеўкі, беларускія народныя танцы і гульні, уласцівыя дадзенай мясцовасці. Іх носьбітамі з’яўляюцца ўдзельнікі гурта, якія перанялі свае веды ад бабуль і матуль. У рэпертуары гурта ёсць вясельныя, калядныя, вясновыя, рэкруцкія песні, самабытныя танцы (“Нарэчанька”, “Дасада”, “Зялёная рошча”), а таксама беларуская народная гульня з прыпеўкамі “Чапяла”. Манеру выканання гэтых песень і танцаў удзельнікі аматарскага калектыву імкнуцца захоўваць нязменнай.

Адным з накірункаў дзейнасці гурта з’яўляецца адраджэнне і папулярызацыя мясцовых народных свят і абрадаў. Вербіцай былі адноўлены абрады: “Вяселле”,  “Каляды”, “Капусткі”, “Уваходзіны”, “Зажынкі”. Быў запісаны абрад “Міраносіца”. Сумесна з гісторыка-краязнаўчым музеем абрад “Вяселле”  праводзіцца падчас рэгістрацыі шлюбаў у раёне, такіх чынам, даючы магчымасць   маладому пакаленню паўдзельнічаць у вясельнай імпрэзе  тых гадоў,  калі яны яшчэ не нарадзіліся.

    Фальклорны аўтэнтычны гурт выязджае з канцэртамі ва ўстановы культуры раёна,  з канцэртнай праграмай у аддаленыя і маланаселеныя вёскі,  дэманструе сваё мастацтва на раённых канцэртах, прысвечаных знамянальным датам і прафесійным святам. Фальклорны гурт “Вербіца” атрымаў прызнанне сярод мясцовага насельніцва, і кожнае выступленне калектыву выклікае шчырае захапленне гледачоў.

     У творчай скарбонцы калектыву мноства творчых дасягненняў, перамог і падзяк.  Гурт “Вербіца”  пастаянна развівае сваё майстэрства,  яго ўдзельнікі і кіраўнік робяць усё магчымае, каб захаваць і перадаць нашчадкам мясцовыя традыцыі і звычаі, самабытныя песні і прыпеўкі, народныя танцы і гульні. Яны вядуць актыўную творчую і прапагандысцкую работу з мэтай зацікавіць гэтай багатай фальклорнай спадчынай шырокія слаі насельніцтва.

   У 2012 годзе народны ансамбль прыняў удзел у здымках відэафільма  аб  Хоцімскім раёне, дзе дэманстраваў сваё песеннае майстэрства.

       У 2015 годзе калектыў “Вербіца” наведала дэлегацыя этнографаў з Польшчы,  якія запісалі аўтэнтычныя песні для знаёмства  моладзі ва  Універсітэтах культуры Польшчы з традыцыйнай культурай Беларусаў.  У рамках навукова-практычнай канферэнцыі  “Я ў міры творчасці” гурт “Вербіца”  быў прэзентаваны на рэспубліканскай сцэне. Вучаніца СШ №2 г.п. Хоцімска прыняла ў ёй удзел і стала пераможцам ў  намінацыі “Музычнае мастацтва”. Песні Вербіцы гучалі са сцэны “ДУА  Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка” ў Мінску.

bottom of page