top of page
DSC_0682.jpg

Народны  фальклорны ансамбль "Ліпаўчанка"

Аснову рэпертуару народнага  ансамбля "Ліпаўчанка" складаюць народныя песні 

Кіраўнік калектыву - Дуняшэнка Алена Уладзіміраўна

    Фальклорны калектыў “Ліпаўчанка” быў створаны ў 1985 годзе, на базе ВялікаЛіпаўскага сельскага Дома культуры. Яго заснавальнікам стала Лесько Ніна Мікалаеўна – дырэктар ВялікаЛіпаўскага сельскага Дома культуры.

   Ансамбль складаюць жанчыны сталага ўзросту, вялікія аматары старынных песень, танцаў, абрадаў, што бытуюць у іх рэгіёне. У свой час з калектывам працавалі фальклорныя экспедыцыі з БДУ, Мінскага педінстытута. 

    Асноўнай мэтай калектыва з’яўляецца захаванне і развіццё традыцыйнага фальклора.

Калектыў праводзіў і праводзіць зараз вялікую работу па адраджэнню народнай спадчыны, свят і абрадаў, якія “жылі” ў далёкім мінулым у вёсцы Ліпаўка і яе акрузе. У рэпертуары ансамбля песні сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай і пазаабрадавай паэзіі, а таксама вялікая колькасць сіроцкіх, салдацкіх, лірычных песень, прыпевак. Ёсць у ансамблі мужчына, які вельмі добра грае на гармоніку і спявае. Асобае месца ў рэпертуары гурта займаюць народныя танцы “Нарэчанька”, “Зялёная рошча”, “Карапет”, “Страданне”, “Кракавяк”. Сярод усіх танцаў  у калектыве асаблівай адметнасцю з’яўляецца мясцовы танец “Грачанікі”.

    Фальклорны гурт выступаў на шматлікіх канцэртах у сваёй роднай вёсцы, быў нязменным удзельнікам абласнога фестывалю музыкі і фальклора (г.Магілёў), аглядах-конкурсах “Грай, гармонь”, у раённым фальклорным фестывалі “З крыніц жыватворных” і іншых. Калектыў заўсёды ўзнагароджваўся сувенірамі, каштоўнымі падарункамі, граматамі і дыпломамі.

   У 2010 годзе на пасаду дырэктара  сельскага дома культуры прыйшла Дуняшэнка Алена Уладзіміраўна, якая стала наступным кіраўніком фальклорнага гурта. Пад яе кіраўніцтвам гурт працягваў традыцыі калектыву, закладзеныя раней. У рэпертуары ўдзельніц гурта былі і ёсць беларускія народныя песні, выконваліся народныя абрады: “Хрэсьбіны”, “Уваходзіны”, “Заручаны”.

Са сваёй праграмай фальклорны гурт “Ліпаўчанка” неаднаразова выязджаў у суседнія  маланаселеныя вёскі Варвараўка, Горня, Гаўрылоўка, Узлогі, Елавец.

Заўсёды цікава гурт праводзіў традыцыйнае свята “Купалле”, дзе спявалі песні “Ой рана на Івана”, “Ой пад вішанькай, пад дубчыкам”, “Над шырокай ракой”, вадзілі карагоды.

   Сёння фальклорны гурт “Ліпаўчанка” – захавальнік найбагацейшых народных традыцый, быту і гаспадарчага вопыту. Шмат часу мінула з дня заснавання гурта, пашырыўся і некалькі аднавіўся рэпуртуар, але стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень застаўся той жа, не знікла цікавасць да духоўнай спадчыны беларускага народа.

   “Гэта не мы, гэта душа наша спявае – так гавораць удзельніцы фальклорнага гурта “Ліпаўчанка”.

Сваю важную якасць – задавальняць эстэтычныя патрэбы гледачоў – фальклор не страціў і да нашага часу. Аб гэтым сведчыць інтарэс публікі да творчасці гэтага гурта, які імкнецца спаўна задаволіць асалоду гледачоў ад яскравага сутыкнення са спадчынай да прыбліжэння да яе вытокаў.

   Удзельнікі фальклорнага гурта лічаць сваім абавязкам захаваць і перадаць свае веды нашчадкам, каб выхаваць асобу з высокакультурным пачуццём нацыянальнай годнасці, асобу, якая ведае свае вытокі, карані, шануе нацыянальную спадчыну і паважае свой народ.

bottom of page