Аб раённым Доме рамёстваў

    Будынак (каменны, цаглянай пабудовы) Раённага Дома рамёстваў (далей РДР), ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна» мае статус матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, помнік архітэктуры. Будынак двухпавярховы, прамавугольны. Будынак накрыты полагам, вальмавым дахам. У дэкоры галоўнага фасада выкарыстаны фігурныя пілястры, руст, геаметрычны арнамент. Лучковыя аконныя праёмы дэкарыраваны дугападобнымі бровамі і філёнгамі з разеткамі. Пры ўваходзе - тамбур, дзе знаходзяцца двухмаршавыя ўсходы на другі паверх.
   Першапачаткова будынак быў пабудаваны як жылы дом у пачатку XX стагоддзя рамеснікам Гутнерам, які займаўся вырабам вяровак. У 1917 г. па ўсталяванні савецкай улады ўсе каменныя пабудовы былі нацыяналізаваны. Звестак пра тое, што знаходзілася ў будынку пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і да 50-х гг. ХХ стагоддзя, не захавалася. З пачатку 1950-х гг. і да 1987 года ў будынку размяшчалася аддзяленне Дзяржбанка СССР. У 1987 -2006 гг. тут знаходзіўся Дом піянераў, які ў 1993 годзе быў перайменаваны ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі "Ветрась Надзей". З 2007 года ў будынку размясціўся раённы Дом рамёстваў.
     Раённы Дом рамёстваў з'яўляецца дзяржаўнай культурна-асветніцкай установай, дзейнасць якой накіравана на захаванне, зберажэнне і прапаганду лепшых дасягненняў народных рамёстваў.
   Раённы Дом рамёстваў выконвае культурна-асветніцкія, вучэбна-вытворчыя, кансультацыйна-метадычныя, камерцыйныя функцыі.
   У сваёй дзейнасці раённы Дом рамёстваў кіруецца дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, агульнымі прынцыпамі дзейнасці культурна-асветных устаноў.
   Раённы Дом рамёстваў ажыццяўляе сваю дзейнасць у цесным узаемадзеянні з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, творчымі саюзамі, адукацыйнымі ўстановамі і іншымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі, якія садзейнічаюць развіццю народнага мастацтва, мастацкіх промыслаў і рамёстваў.
     З 17 верасня 2008 года будынкі РДР уступілі ва ўласнасць аддзела культуры Хоцімскага РВК. З 2008 па 2018г. пасаду дырэктара займала - Краснікава Людміла Пятроўна (член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь), з 2018 г. па 2021 г. дырэктарам была Калтунова Вольга Уладзіміраўна. З 2021г. па цяперашні час дырэктарам з'яўляецца Джавукцян Марыя Мікалаеўна.
     У раённым Доме рамёстваў працуе 5 майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Тры майстры РДР з'яўляюцца членамі Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь. (Таццяна Мікіцічна Навумава, Таццяна Іванаўна Кавалёва, Ніна Сямёнаўна Рагоўская)
   Штогод у РДР праводзяцца майстар-класы па кераміцы, дзе дэманструецца выраб ганчарных форм, роспіс, прыёмы выканання дробнай пластыкі, выраб свісткоў і абпал гатовых вырабаў.
     У этнаграфічных экспедыцыях работнікамі Дома рамёстваў сабрана вялікая калекцыя вырабаў з керамікі нашага раёна, што дазваляе майстру прытрымлівацца традыцый у вырабе сваіх вырабаў.
   На занятках гуртка дзеці павялічваюць свой культурны ўзровень, пашыраюць агульны далягляд (напрыклад, пазнаюць асаблівасці тэхналогіі, умовы сушкі, абпалу і інш.). Не кожны дарослы, а тым больш вучань пачатковых класаў, ведае, што такое "шлікер", "ангоб", "глазур" і якія асаблівасці вырабу керамічных вырабаў.
     Займаючыся керамікай, нельга прайсці міма вывучэння народнай глінянай цацкі. Гэтая тэма адкрывае перад дзецьмі вялізнае поле дзейнасці і вялікія магчымасці.
       Навучэнцы гуртка бралі ўдзел у XIII Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" г.Клімавічы, XVIII Міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці "Заўсёды блакітна, заўсёды зялёна", г.Торунь Польшча.
      Па выніках XIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" навучэнка гуртка "Глінка" Шунькіна Анастасія, была ўзнагароджана дыпломам 3 ступені ў намінацыі дэкаратыўна-прыкладная творчасць.
       На сённяшні дзень у Доме рамёстваў знайшлі сваё месца такія віды творчасці як:
   - Ганчарства
   - Аплікацыя саломкай (саламапляценне)
   - Ткацтва (вышыўка, карункавязанне)
   - Тэкстыльная лялька
   - Мастацкая апрацоўка дрэва
  У Доме рамёстваў вядзецца гуртковая работа з насельніцтвам. Наведваюць гурткі 43 удзельнікі ўсіх узроставых катэгорый. Усяго клубных фарміраванняў - 5, дзіцячых - 3. Колькасць удзельнікаў у дзіцячых гуртках - 27.
   На занятках юнакі і дзяўчаты атрымліваюць не толькі практычныя веды па розных відах дэкаратыўна - прыкладной творчасці, але і таксама вывучаюць традыцыі свайго краю. 
    Майстры зацікаўлена і мэтанакіравана працуюць з дзецьмі і падлеткамі, перадаючы ім свой вопыт і сакрэты майстэрства. Знаходзяць падыход да кожнага вучня, каб раскрыць і развіць яго прыродныя здольнасці, зацікавіць творчасцю. Выхаванцы гурткоў з'яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсаў і выставак рознага ўзроўню.
Па выніках працы ў 2017 годзе, студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўная саломка”, заснаванай у 2009 годзе, прысвоена ганаровае званне “ўзорны”. З першых дзён студыю называлі "Залатая саломка", на сённяшні дзень у студыі займаецца 15 вучняў, ад 11 да 17 гадоў.
       Работнікі Дома рамёстваў прымаюць актыўны ўдзел у Міжнародных, Рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемствах (святах, выставах, кірмашах). З іх:
   - II Міжнародны фестываль традыцыйных культур "ЭтнаСвіт", Украіна, г.Кіеў;
   - XXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску";
   - XVII Міжнародны фестываль культур і мастацтваў «Б'юкчэкмеджэ», Турцыя, г.Істамбул;
   - Міжнародны кірмаш тканін і рамёстваў. Турцыя, г.Шыле;
- Міжнародны конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва «Царства кветак», РФ, г.Варонеж;
   - XXIV Рэспубліканская выстава народнай творчасці Калядныя ўзоры, г.Мінск;
   - Абласны агляд-конкурс па вырабе традыцыйнай лялькі “Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі”, г.Магілёў;
   - Абласны адкрыты конкурс-выстава прыкладной творчасці “Лялька была, ёсць і будзе”, РФ г. Бранск;
   - Абласны творчы праект "Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны".
        Па выніках конкурсаў майстры ўзнагароджаны дыпломамі рознага ўзроўню, ганаровымі граматамі, падзякамі.
    Па розных відах творчасці майстрамі праводзяцца майстар - класы як на базе Дома рамёстваў, так і выязныя. У раённым Доме рамёстваў з 01.10.2018 года адкрыта і дзейнічае творчая майстэрня па вырабе беларускіх паясоў, ткацтве на станку, вышыванні крыжыкам, вырабе сувенірных лялек.
    Таксама працуе крама сувенірнай прадукцыі, дзе можна набыць вырабы вырабленыя майстрамі. Майстрамі распрацавана некалькі відаў прадстаўнічай сувенірнай прадукцыі: рэгіянальная лялька ў традыцыйным адзенні, ручнік, элементы жаночага і мужчынскага касцюма, а таксама сувеніраў з лагатыпамі і сімволікай Хоцімскага раёна. Сувенірная прадукцыя, вырабленая рукамі майстроў і навучэнцаў дома рамёстваў, выклікае вялікую цікавасць і карыстаецца попытам у жыхароў і гасцей раёна, асабліва ў турыстаў з Расіі, Украіны, Турцыі.
   Калектыў Дома рамёстваў - гэта працавітыя, творчыя, ініцыятыўныя работнікі. Яны адказна ставяцца да выканання сваіх службовых абавязкаў, праяўляюць свядомасць, зацікаўленасць у выніках сваёй працы. Пастаянна павышаюць узровень сваёй прафесійнай падрыхтоўкі, праходзяць вучобу на абласных семінарах-практыкумах і курсах павышэння кваліфікацыі.