top of page
Search

Аншлаг! Юбілей! Бенефіс!



У чым вымяраецца любоў гледачоў да артыста? Тут вам не фізіка. Канкрэтную велічыню не разлічыш і адзінку вымярэння не ўвядзеш. Была ў рэпертуары легендарных савецкіх «бабуляў» Веранікі Маўрыкіеўны і Аўдоцці Нікітычны такая мініяцюра, дзе яны спрабавалі ацэньваць любоў гледачоў ва ўмоўных «кабзонах». Люблю, маўляў, такога артыста як паўкабзона. У выніку «бабулі» дашлі да высновы, што любоў гледачоў вымераць немагчыма, паколькі велічыня гэтая не сталая, а зменная. А ў фінале прапаноўвалі вымяраць любоў гледачоў у пустых крэслах у зваротнай прапорцыі, чым менш у зале пустых крэслаў, тым большая любоў гледачоў да артыста. Навошта я ўспомніў, гэтую прызабытую гумарную сцэнку? Проста калі прыняць гэтую сістэму вылічэння ў пустых крэслах за ісціну, то любоў хоцімскай (і не толькі хоцімскай!) публікі да Валянціны Сухадолавай настолькі вялікая, што на юбілейным канцэрце ў раённым цэнтры культуры 23 лютага прыйшлося дастаўляць дзясяткі крэслаў і некалькі кушэтак з фае. каб змясціць усіх жадаючых у глядзельную залу. Гэта быў аншлаг!

У глядзельнай зале не было пустых месцаў. Білеты на канцэрт любімай усімі выканаўцы, віртуознай гарманісткі, збіральніцы і захавальніцы песеннага фальклору Хоцімшчыны Валянціны Васільеўны Сухадолавай, прысвечаны яе Дню нараджэння і 50-годдзю творчай дзейнасці былі поўнасцю раскуплены задоўга да прызначанай даты, але публіка працягвала прыходзіць, і людзі шчыра шкадавалі, што. змогуць патрапіць на сустрэчу з артысткай. І гатовы былі проста стаяць у зале. Праблема была вырашана, як было адзначана вышэй, з дапамогай дадатковых крэслаў. Сама ж Валянціна перад пачаткам канцэрта прызналася, што нават баіцца глядзець у залу, настолькі гэта было для яе нечакана. Але пагадзіцеся, аншлаг - гэта лепшы падарунак на юбілей для творчага чалавека. А творчасць Валянціны складана адназначна спісаць у нейкі канкрэтны від або жанр. Музычная адоранасць у яе сям'і перадаецца па спадчыне: бабуля і маці валодалі вакальнымі дадзенымі, дзед граў на скрыпцы, бацька і чацвёра братоў - гарманісты. Сама Валя ў шасцігадовым узросце ўжо іграла на інструменце, а з дзесяці гадоў стала выступаць, і весці вясковыя святы, вяселлі, провады ў армію, юбілеі і Дні нараджэння. Жыццёвы шлях ёй выбіраць не прыйшлося - ён абраў яе. У сферы культуры Валянціна Сухадолава працуе 40 гадоў. Павіншаваць з юбілеем 23 лютага прыйшлі не толькі гледачы Хоцімскага раёна і суседніх раёнаў Магілёўшчыны і Расійскай Федэрацыі, з экрана з самых розных куткоў былога Савецкага Саюза былі агучаны відэавіншаванні сваякоў і блізкіх, свае віншаванні і захапленні талентам юбіляра даслаў дырэктар Магілёў творчасці і культурна-асветнай работы, старшыня Рэспубліканскага Савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, член савета па культуры пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Алег Хмялькоў. Да яго віншаванняў са сваімі словамі павагі і падзякі далучыліся загадчык сектара культуры Хоцімскага райвыканкама Сяргей Ерашэнка і дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Хоцімскага раёна Валерый Жадан. На сцэне Валянціне Сухадолавай была ўручана Ганаровая Грамата.

Віноўніца ўрачыстасці паўстала перад сваімі гледачамі ва ўсіх выявах: і як вакалістка, выканаўшы знакавыя песні са свайго велізарнага рэпертуару (адну з песень ёй дапамагала ўнучка Анастасія Аліева), і як гарманістка, і як удзельніца народнага фальклорнага ансамбля «Адраджэнне», і як народнага ансамбля ветэранаў працы. Акрамя двух названых калектываў на сцэне выступілі салісты раённага цэнтра культуры і народны мужчынскі вакальны ансамбль "Хлопцы Пасялковыя" і ансамбль выкладчыкаў Дзіцячай школы мастацтваў "Мікс".

Да завяршэння амаль двухгадзіннай праграмы на сцэне ўзвышаўся курган з букетаў кветак, падораных гледачамі. І нават калі вымяраць любоў гледачоў не пустымі крэсламі, а букетамі, то і тут Валянціна атрымала самы вышэйшы баль, самую высокую адзнаку.

Не саромеючыся пражытых гадоў, яна кажа аб сваім узросце з уласцівай ёй самаіроніяй: "Не шэсцьдзесят, проста - шэсць ноль!". І шчыра хочацца, каб гэты лік працягнуўся. І стала: сем ноль, восем ноль, дзевяць ноль і гэтак далей на карысць Валянціны Сухадолавай.


Аляксандр Александрын, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»



11 views0 comments
bottom of page