top of page
Search

«Горліца» над Заходняй Дзвіной


Тыя, хто хаця б раз бываў на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", пацвердзяць, што ў тыя некалькі дзён, што ён праходзіць у Віцебску, дзеліцца на дзве часткі: адна - гэта вялікая сцэнічная пляцоўка, другая - вялікая выставачная пляцоўка. З усёй Беларусі і найбліжэйшага замежжа ў горад над Заходняй Дзвіной з'язджаюцца майстры народных промыслаў і рамёстваў, і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Бывалі ў ліку гэтай катэгорыі ўдзельнікаў і майстры Хоцімскага раённага Дома рамёстваў. А вось прыняць удзел у «Славянскім базары» з канцэртамі не даводзілася яшчэ ніводнаму вакальнаму калектыву Хоцімшчыны. І вось здарылася – народны вакальны ансамбль «Горліца» Хоцімскага раённага Цэнтра культуры стаў першай «ластаўкай» Беларусі, якая даляцела ад нас да «Паўночнай сталіцы». Вядома ж, галоўныя фестывальныя падзеі праходзяць у Летнім амфітэатры, там выступаюць запрошаныя знакамітасці, вядомыя артысты і іншыя зоркі. Але, як я ўжо сказаў у пачатку, вялікія і малыя сцэны, канцэртныя пляцоўкі прысутнічаюць ва ўсім горадзе і збіраюць калі не тысячную, то шматсотенную публіку.

Кожны год у межах фестывалю "Славянскі базар" праходзяць шматлікія дабрачынныя і грамадскія акцыі і праекты. Адна з іх «Сердцем причастны с народом и армией Республики Беларусь», ініцыяваная грамадскім дзеячам, ветэранам Афганскай вайны і першай Чачэнскай кампаніі Мікалаем Турчаком, і стала прычынай з'яўлення "Горліцы" над Заходняй Дзвіной. Мікалай Турчак арганізуе і праводзіць канцэртныя праграмы ў воінскіх часцях і пенітэнцыярных установах Беларусі і Расіі і ўжо не ўпершыню супрацоўнічае з ансамблем "Горліца". І калі раней квартэт Любові Юр'евай, Таццяны Кучанковай, Юліі Мамчанкі і Юліі Кавалёвай выступаў перад зняволенымі грамадзянамі ў Оршы, то ў гэты раз «Горліца» ужо ў складзе трыа (без Таццяны), але «ўзмоцненая» салістамі Максімам Мамчанкам і Віталем Нікульчанкам падарыла канцэртную. праграму (сумесна з выхаванцамі дзіцячых вакальных студый Віцебска) для вайскоўцаў 7 асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады. Сустрэча артыстаў і спецназаўцаў адбылася на пляцы воінскай часці і стала несумненна прыемнай як для адных, так і для другіх. Як пажартаваў камандзір брыгады палкоўнік Аляксей Кулік: каманда "Апладзіраваць" была дадзена. Пасля заканчэння выступлення палкоўнік Кулік уручыў усім удзельнікам Граматы "За актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні ваеннаслужачых".

Канцэрт для беларускага "спецназа" прайшоў у першай палове дня адкрыцця XXXII фестывалю «Славянскі базар» 13 ліпеня, а ўжо ўвечары, незадоўга да афіцыйнай цырымоніі «Горліца» выступала на адкрытай пляцоўцы ў зборным канцэрце калектываў і салістаў удзельнікаў грамадскай акцыі «Сердцем причастны с народом и армией Республики Беларусь». Адбывалася гэта ў цэнтры Віцебска за два крокі ад Летняга амфітэатра, так што можна сказаць, хацімчане апынуліся ў самай гушчы турыстаў і гасцей культурнага свята і выступалі, як прынята гаварыць, "на разагрэве" перад галоўным канцэртам з удзелам Прэзідэнта. Гэтыя выступленні хоцімскага калектыву былі адзначаны Дыпломам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці за актыўны ўдзел у мерапрыемствах у дзень адкрыцця XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".


Аляксандр АЛЕКСАНДРЫН


Больш фота глядзіце ў нашых сацыяльных сетках тут

7 views0 comments
bottom of page