top of page
Search

Пад каляднай зоркай



Жыхары Хоцімшчыны старэйшага пакалення да гэтага часу ўспамінаюць, як шумна, весела і масава святкавалі Каляды ў гарадскім пасёлку і ў вёсках. Як практычна на кожнай вуліцы збіраўся свой гурт калядоўшчыкаў, як імкнуліся паярчэй, пацікавей прыбрацца, як самі выраблялі калядную зорку, як вучылі старадаўнія хвалебныя песні. Як гаспадары чакалі прыходу калядоўшчыкаў, рыхтавалі пачастункі і крыўдзіліся, калі іх дом абыходзілі бокам. І было ўсё гэта нейкіх пару-тройку дзесяцігоддзяў таму.

І трэба шчыра прызнаць, што зараз Каляды на Хоцімшчыне святкуюцца нашмат больш сціпла. Няма таго, што раней было, як сказаў класік. Але сцвярджаць, што традыцыя калядныя гулянні канчаткова сябе зжылі, таксама будзе хлуснёй. У пятніцу 12 студзеня каля галоўнай Навагодняй ёлкі Хоцімска жыхары і госці гарадскога пасёлка маглі прыняць удзел у тэатральна-гульнявой праграме «Пад каляднай зоркай», падрыхтаванай артыстамі раённага Цэнтра культуры. І жадаючых узгадаць звычаі продкаў аказалася нямала. Гучалі тут і калядныя песні, гурт калядоўшчыкаў з традыцыйнымі персанажамі казой і мядзведзем праводзілі гульні і іншыя забавы, не абышлося і без варожб на будучыню.

І гледзячы на тое, як весяліліся ўсе ўдзельнікі каляднага карагода, незалежна ад узросту і статусу, прыходзіць разуменне, што традыцыя Каляд на Хоцімшчыне не знікла, не стала менш папулярнай, а проста набыла новую форму, новае аблічча. І калядная зорка над хацімчанамі ніколі не згасне.


Аляксандр Александрын





15 views0 comments
bottom of page