top of page
Search

«Салаўіная ноч» на Пскове


Увечары 21 ліпеня яшчэ да афіцыйнага адкрыцця Міжнароднага фальклорнага фестывалю «Салаўіная ноч» на галоўнай сцэне на беразе ракі Псковы праходзіў канцэрт-прэзентацыя ўсіх калектываў і гасцей свята. І пад фінал пайшоў дожджык. Летні, цёплы, кароткі... Большасць гледачоў нават парасоны не раскрывалі. А потым скрозь хмары прабілася сонца. І над месцам правядзення фестывалю над шматвяковымі сценамі Пскоўскага Крамля і купаламі старажытных цэркваў узнікла вясёлка. І тут жа сярод гасцей, гледачоў і ўдзельнікаў нарадзіўся жарт, што сёлета арганізатары пастараліся на славу — нават з нябеснай канцылярыяй дамовіліся, арганізавалі водна-светлавы паказ. Як вядома ў кожным жарце, ёсць толькі доля жарту, і фестываль, асвечаны вясёлкай, атрымаўся выдатны. Адразу адкажу на пытанне, якое і мне не давала спакою: чаму «Салаўіная ноч» у ліпені? Салаўі даўно ўжо не спяваюць. Ці ў Пскове яны асаблівыя? Як растлумачылі старажылы фестывалю, мясцовыя фальклорныя калектывы, першапачаткова і фестывалю як такога не было. Проста аматары народных традыцый і рускага фальклору сталі збірацца ў канцы мая ў Фінскім парку горада Пскова і ладзілі вячоркі – спявалі песні і гулялі ўсю ноч да раніцы. Праз некалькі гадоў колькасць удзельнікаў такіх вячорак пераваліла за сотні чалавек. На «Салаўіную ноч» сталі прыязджаць самадзейныя і прафесійныя артысты і ансамблі з усёй Пскоўскай вобласці, а затым з суседніх абласцей, а потым з Масквы і Санкт-Пецярбурга і блізкага замежжа. Фестываль утварыўся сам сабой, спецыяльна яго ніхто не арганізоўваў. Мэрыя Пскова толькі папрасіла перанесці гулянні з траўня на ліпень на дату блізкую да Дня горада 23 ліпеня. Фальклорнае свята перанеслі на новы час, а назву пакінулі ранейшую - "Салаўіная ноч". У гэты юбілейны год (гораду Пскову спаўняецца 1120 гадоў) на фестываль прыехала 17 ансамбляў. Рэспубліку Беларусь прадстаўляў народны фальклорны ансамбль "Адраджэнне" Хоцімскага раённага Цэнтра культуры. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ад Беларусі выступаў таксама віцебскі шоу-дуэт братоў Вараб'ёвых, баяністаў-віртуозаў. Але віцебскія двайняты "Вераб'і" былі ў статусе гасцей, а не ўдзельнікаў. Мастацкі кіраўнік Юлія Мамчанка, нязменны акампаніятар гарманістка Валянціна Сухадолава і салісткі Юлія Кавалёва, Таццяна Паседзька і Людміла Сапега прадставілі на фестывалі праграму на аснове беларускіх прыпевак і народных песень. І выступ «Адраджэння», як сёння кажуць, зайшоў публіцы. Як я адзначаў раней у першы дзень фестывалю, дакладней вечар, была прэзентацыя ансамбляў. А на наступны дзень 22 ліпеня многія гледачы прыйшлі спецыяльна на адкрытую канцэртную пляцоўку, каб паглядзець і паслухаць менавіта беларускі ансамбль. Апроч канцэртаў хоцімскія артысткі прынялі ўдзел і ў іншых мерапрыемствах у рамках фестывалю «Салаўіная ноч». Першы дзень завяршаўся факельным шэсцем і вячоркамі. Ад агню з кавальскага горна былі запалены дзясяткі паходняў - агонь сяброўства. І ўсе калектывы, перайшлі на іншы бераг Псковы, дзе быў збудаваны вялікі драўляны памост. Там і праходзіў танцавальны марафон пад старадаўнія пералівы гармонікі і звон балалаек. Другі дзень пачынаўся таксама з шэсця, але ўжо без паходняў, а са сцягамі рэспублік і рэгіёнаў, песнямі і музыкай, удзельнікі «Салаўінай ночы» прайшлі па цэнтральных вуліцах Пскова. У гэтым праходжанні пашанцавала паўдзельнічаць і мне - пранесці па ўсім маршруце Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Так як Міжнародны фальклорны фестываль «Салаўіная ноч» з'явіўся са спантанных народных гулянняў, то конкурсны складнік у яго ніколі не ўводзілі. Ансамблі і салісты тут не спаборнічаюць хто лепш, а дзеляцца сваім талентам, уменнем і дораць гледачам настрой і сваю творчасць. Таму ўсім ім пасля заканчэння двух фестывальных дзён былі ўручаны роўныя па ступені Дыпломы Лаўрэатаў.


Больш фота глядзіце ў нашых сацыяльных сетках тут

3 views0 comments
bottom of page